Навіны і аб’явы



15 студзеня ў нашай парафіі адбыўся чарговы Баль усіх святых пад назвай «Нараджэнне Езуса Хрыста было такім…». Гэта ўжо шосты баль, на якім можна было пабачыць святых розных стагоддзяў і добра правесці час разам.



Вось ужо шосты Новы год супольнасць ДМХ «Адзіныя сэрцам» сустракае разам. І кожнае святкаванне імкнецца быць асаблівым, непаўторным. (Спойлер: так яно і атрымліваецца). У гэтым годзе, дзякуючы натхненню душпастыра ксяндза Уладзіміра Марушэўскага SChr , Новы год «Адзіныя сэрцам» сустрэлі ў гасцях у Маці Божай Тракельскай!



Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 17 студзеня (аўторак): успамін св. Антонія, абата Жыў у ІІІ стагоддзі ў Егіпце. Паходзіў з багатай сям’і, але раздаў сваю маёмасць бедным і пасяліўся ў пустыні. Праз пэўны час да яго пачалі далучацца іншыя пустэльнікі. Разам са святым Паўлам Пустэльнікам распачаў арганізацыю манаскага жыцця на Усходзе. Памёр, маючы сто гадоў, перад смерцю наказаўшы вучням пахаваць яго таемна, каб пазбегнуць пасмяротнай агалоскі, аднак адразу пасля смерці яго пачалі называць «Вялікім».



«Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста» (святы Геранім).



Восьмага студзеня, у свята Хросту Езуса Хрыста, адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў 30 пешай пілігрымкі Мінск – Будслаў. Пілігрымаў гасцінна прыняў кс. Францішак Рудзь, які ў прывітальным слове адзначыў: “Сімвалічна, што на аплаткавую сустрэчу пілігрымы сабраліся ў «кавалачку Будслава» ў Мінску – у касцёле Маці Божай Будслаўскай”.



У нядзелю 15 студзеня ў касцёле Маці Божай Будслаўскай (вул. Прытыцкага 107а) адбудзецца шосты парафіяльны Баль Усіх Святых. Сёлетняя тэма балю — «Нараджэнне Езуса Хрыста было такім…». Пачатак у 15.00, рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца ў 14.00 (дольны касцёл).



Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяры, складзеныя на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 2 студзеня (панядзелак): Успамін святых Базыля і Грыгорыя Назіянскага, біскупаў і доктараў Касцёла 6 студзеня (пятніца): УРАЧЫСТАСЦЬ АБ’ЯЎЛЕННЯ ПАНА (Тры Каралі) У гэты дзень узгадваем евангельскую падзею пра тое, як тры каралі (мудрацы) пакланіліся Хрысту і склалі яму ў дар золата, ладан і міру. З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды і кадзіла. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспер, Мельхiёр і Бальтазар. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»). Святая Імша а 7.00, 12.00 і 19.00 (абавязковы ўдзел у літургіі)



27 снежня адзначаецца свята святога Яна, апостала і евангеліста, – галоўнага апекуна і заступніка нашай парафіі. З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая Святая Імша, якую ўзначаліў айцец Віталь Даніловіч МІС, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухарава.



Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка — ад лацінскага слова pastor (пастух), бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак. Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі — іх жывёла.



Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, дзякуем тым, хто дапамагаў у ўпрыгожванні нашай капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ахвяры, складзеныя на будову касцёла і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 26 снежня (панядзелак) – Свята св. Стэфана, першамучаніка Святы Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх, “поўны ласкі і моцы Духа Святога” абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік, сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і Святога Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя. Святая Імша а 12.00 і 19.00. 27 снежня (аўторак) – ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол. Святая Імша а 7.00 і 19.00.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.