«Пасля ўзышоў на гару і паклікаў да Сябе тых, каго Сам хацеў» (Мк 3, 13). Гэтыя словы сталі адпраўной кропкай для зімовага выезду нашай парафіяльнай моладзі, які адбыўся непасрэдна перад пачаткам Вялікага Посту. І вось 17 лютага мы, Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам», адказалі на заклік Езуса і, захапіўшы з сабой ксяндза Уладзіміра Марушэўскага, паехалі шукаць сваю ўласную гару Табор.
Туманная дарога прывяла нас у прыгранічны горад Гудагай, дзе мы спыніліся пад дахам дома манахаў-кармэлітаў. Пасля доўгага шляху неабходна было падсілкавацца, і вячэру (зрэшты, як і ўсе астатнія перакусы) мы гатавалі сабе самі. Вечар скончыўся сумесным праглядам фільма, падчас якога да нас даехала частка кампаніі, і мы, перапоўненыя эмоцыямі, нарэшце разышліся па сваіх пакоях, дзе яшчэ доўга не заціхалі размовы.
На наступны дзень пасля ранішняй малітвы і сняданку прыйшоў час даведацца падрабязней пра гісторыю месца, да якога мы прыехалі, — санктуарыя Маці Божай Шкаплернай. Адзін з айцоў-кармэлітаў распавёў нам доўгую гісторыю касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, падзяліўся ўласным досведам служэння, але больш за ўсё ўвагі надаў культу абраза Маці Божай Гудагайскай і шкаплеру: якую сілу яны ў сабе ўтойваюць і чаму маюць такую вялікую славу.
Лекцыя была цікавай, але не менш цікава было ўдзельнічаць у гульнях, якія мы арганізавалі пасля. Шолах карт, перамешаны са стукам каменьчыкаў і лыжак, пастаянна перарываўся выбухамі смеху, а пасля нас чакала невялікая паэтычная імпрэза. (Ці ведаеце вы, дзе край айца Уладзіміра? Адказ просты: там, дзе вечную песню пяе Белавежа…).
Забава працягнулася на кухні, суправаджала нас падчас абеду, на якім мы актыўна абмяркоўвалі ўчарашні фільм і дзяліліся першымі ўражаннямі аб выездзе, і не адпускала на сумесным шпацыры, калі мы закідвалі адно аднаго снежкамі, ляпілі снегавікоў і гулялі ў «ляцеў лебедзь».
Але потым усё-такі прыйшлося сцішыцца, бо надышоў час пустыні. Амаль дзве гадзіны кожны правёў у маўчанні асабіста з Богам — у малітве, Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважаннях над Божым Словам, на якое заахвоціў нас звярнуць увагу ксёндз Уладзімір. Цяжка пачуць чыйсьці голас, калі вакол шумна, але, калі навакольны свет заціхае, лепшае, што можна зрабіць, — адкрыць сваё сэрца і сказаць: «Гавары, Госпадзе, бо слухае слуга Твой» (1 Сам 3, 9).
Гэтая пачуццёвая сустрэча з Нябесным Айцом завяршылася Святой Імшой, перад якой мы прывіталі дзяўчат, якія даехалі да нас, — з таго часу мы дакладна былі ўсе разам!
Суботні вечар прайшоў на «ўра», і ўсё дзякуючы нашаму дарагому айцу Уладзіміру. Спачатку ён (вядома, не без нашай дапамогі) прыгатаваў найсмачнейшую піцу, а потым зладзіў сапраўдны вечар танцаў.
Вось што ўспамінае Каталіна:
«Для мяне вясёлы вечар застаўся ў сэрцы. Танцы — выдатная магчымасць праявіць любоў да сябра. Я звычайна заўсёды танчыла толькі ў ролі дзяўчынкі. А тут была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі партнёра. І я была ў такім захапленні ад эмоцый, якія атрымала дзякуючы дзяўчынкам. Столькі добрых і прыгожых слоў змагла пачуць. Таксама здзівілася таму, колькі новых танцаў я змагла за вечар вывучыць. Вальс мне запомніўся больш за ўсё. Самае цудоўнае — што спачатку ў нас дрэнна атрымлівалася, але з кожным разам — усё лепш і лепш. Гэтак жа і ў жыцці: калі мы давяраем Богу, у нас жыццё становіцца з кожным днём усё прыгажэйшым і радаснейшым!»
Кажуць, ранак пачынаецца не з кавы, а з малітвы, але ў нядзелю 19 лютага ў нас было і тое, і тое, і яшчэ Імша ў мясцовым касцёле. А пасля абеду мы пайшлі на Гудагайскую Кальварыю.
У гэтым сціслым апавяданні немагчыма ўмясціць усе думкі і пачуцці, якія суправаджалі нас, калі мы блукалі па лясах і заснежаных прасторах, ідучы Крыжовым шляхам нашага Збаўцы. Праз Ягоную муку мы вучыліся бачыць сябе і, як рэха, гучала ў сэрцы пытанне, якое паўтаралася падчас разважанняў: «Кім я хачу быць?».
Кожны з удзельнікаў выезду набыў для сябе за гэты час найкаштоўнейшы духоўны скарб і цэлы шэраг прыемных уражанняў. Вось некаторыя з іх:
«Гэты выезд з ДМХ быў для мяне першым, але такім цёплым і ўтульным, што я гэтага і не заўважыла, — дзеліцца Аліна Макляк. — Словы, якімі з намі падзяліўся кс. Уладзімір, — «кожны з нас любімы, кожны з нас патрэбны і ніхто не лішні», — вельмі добра апісваюць кожную праведзеную гадзіну з ДМХ. Вясёлы вечар з танцамі назаўсёды застанецца ў маім сэрцы! Колькі ўсмешак і добрых слоў я пабачыла за гэты выезд — не злічыць. Вялікая ўдзячнасць кожнаму за гэты час».
«Гэты выезд ДМХ быў для мяне вельмі важны: выйсці на якісьці час са свайго звычайнага асяроддзя, са сваіх штодзённых клопатаў і правесці час з людзьмі ў Богу і з Богам у людзях, пабыць у добрай кампаніі, хоць і не вельмі доўгі час, — як вітаміны для стомленага сэрца», – расказвае Агата Новікава.
«Гэта быў мой чарговы выезд з ДМХ. Кожны раз непаўторны, але кожны раз вельмі сямейны! — успамінае Вадзім Крывенькі. — Было ўсё на выездзе: і малітва (Святыя Імшы, Ружанец, Адарацыя...), і адпачынак (фільм, танцы, забавы), і, канешне ж, нашыя цудоўныя глыбокія размовы! Гэта ўсё дапамагло аднавіць сілы, глыбей пазнаць адно аднаго і Бога, добра падрыхтавацца да Вялікага Посту (ідэя правесці выезд якраз перад Вялікім Постам — проста супер, ксёндз Уладзімір!). Гэты выезд, а менавіта разважанне над перамяненнем на гары Табор, над тым, што «Ён пазваў з Сабою тых, каго хацеў» далі добрую глебу для разважанняў: дзе хоча Езус, каб быў я? і калі штосьці адбываецца ў жыцці, то, можа, гэта тое, што хоча табе Бог?..
Дзякуй Богу і кожнаму за сумесны час!»