22 студзеня нашу парафію наведаў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён узначаліў Святую Імшу на 13:30.
Парафіяне прывіталі госця цёплымі словамі. З асаблівым вітаннем звярнуўся да Яго Эксцэленцыі ксёндз пробашч Алег Шпець, падкрэсліўшы, што прысутнасць нунцыя сярод вернікаў — гэта знак духоўнай прысутнасці самога Папы Францішка. У сваю чаргу арцыбіскуп Антэ адзначыў, што ведае пра душпастырскія мерапрыемствы, якія адбываюцца ў нашай парафіі, і падзякаваў святарам і законным сёстрам за служэнне і хрысціянскае сведчанне перад людзьмі.
Падчас набажэнства арцыбіскуп прыгадаў тыдзень, прысвечаны малітвам аб еднасці хрысціян. «Быць у адзінстве, — адзначыў ён, — азначае належаць да Хрыста, выказваць нашую любоў да Яго і нашых братоў і сясцёр. Мы можам рабіць гэтае толькі тады, калі мы адкрытыя на слова Хрыста, на Яго запаведзь, навярнуліся да Яго і бачым Яго ў іншых». Нунцый выказаў думку аб тым, што Касцёл будуецца на навяртаннях сэрцаў да Пана, і лепшае, што можна зрабіць — гэта прыняць запрашэнне Хрыста да навяртання.
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч таксама заклікаў прысутных праз малітву і братэрскую любоў далучыцца да Сінадальнай сустрэчы, якая адбудзецца ў верасні ў Ватыкане пад кіраўніцтвам Папы Францішка. На ёй будзе абмеркаваны новы сінадальны шлях, мэтай якога стане набліжэнне Касцёла да маладых пакаленняў і разважанне аб тым, як лепей адказваць на выклікі сучаснай культуры.
Напрыканцы Імшы Яго Эксцэленцыя падзякаваў айцу Алегу за запрашэнне і паабяцаў аказаць дапамогу ў справе будаўніцтва нашага касцёла, каб народ, асабліва маладыя людзі, маглі ўдзельнічаць у Літургіі ў вялікім новым будынку. У дадатак арцыбіскуп уручыў ксяндзу пробашчу незвычайны падарунак — ружанец ад Святога Айца Францішка — і ўдзяліў усім прысутным Апостальскае благаслаўленне.