Час Божага Нараджэння — добры перыяд, каб несці радасць усім людзям. І не толькі словамі, але нават і спевамі, музыкай і наведваннямі! Так і нашыя парафіяне вырашылі пабыць калядоўшчыкамі, каб несці радасць Нараджэння Збаўцы ў дамы людзей.

Варта адзначыць, што вырашылі калядаваць не толькі дарослыя, але нават і дзеці — нашыя «Божыя кароўкі» пад кіраўніцтвам шэфа Ірыны Гардынец.

Вось што распавядаюць самі калядоўшчыкі.

Алёна Кот: «Магчыма, тыя, хто жылі на вёсцы, часцей сустракалі калядоўшчыкаў ці нават і самі калісьці хадзілі калядаваць. Вось і нам захацелася ў гэты няпросты час нагадаць пра сапраўдную радасць — Езуса Хрыста — і падзяліцца надзеяй аб збаўленні, пацешыць ды і проста парадаваць людзей.

Канешне, трэба разумець, што карані традыцыі сягаюць у дахрысціянскія часы. На Беларусі хрысціянскі рытуал святкавання Раства шчыльна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй.

Мы ж у гэтым годзе пераапрануліся ў розных персанажаў і жывёл, напісалі сцэнарый, узялі ў рукі музычныя інструменты ды і рушылі па хатах (дакладней, кватэрах), спяваючы і абвяшчаючы вялікую радасць пра нараджэнне Хрыста».

Ірына Гардынец: «У гэтым годзе першы раз пасля перапынку ў тры гады “Божыя кароўкі” зноў пайшлі калядаваць. Было вельмі цікава назіраць, як старэйшыя дзяўчаты распавядалі малодшым, як гэта было раней, і з якім захапленнем усе чакалі прыгоды. У дзень, калі мы пайшлі, быў моцны мароз, і я перажывала за дзяўчат. Але яны так радасна перажывалі гэтую падзею, што ад дома да дома дзяліліся сваімі ўражаннямі, прасілі крылы, каб маглі пабыць анёламі, якія абвяшчаюць галоўную навіну, што Хрыстос нарадзіўся! У кожнай хаце нас прымалі з вялікай шчырай радасцю, частавалі, разам спявалі. У адну сям'ю мы нават завіталі не папярэдзіўшы, але не было адчування, што нас там не чакалі. А апошняй кропкай быў дом сясцёр, дзе мы пагрэліся і папілі гарбаткі са слодычамі».

Сапраўды, нашыя парафіяне засталіся вельмі захопленыя і ўзрадаваныя.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца Кацярына Ваяводская: «“Каляда-Калядзiца, прыхадзi павесялiцца... ” Аж дагэтуль пры думках пра каляду ўзгадваецца тая вясёлая песня i дарагiя госцi, якiя завiталi да нас. Гэта было нешта такое незвычайнае для нас, проста феерычнае. Гэта было цэлае шоу, як кажам у наш час. Дзякуй вялiкi нашым калядоўшчыкам на чале з Цыганам (ксяндзом Алегам) за той настрой, тую казку, у якой мы апынулiся. Разам паспявалi i павесялiлiся!»

Паліна Ручан кажа: «Аднойчы ў суботу я прыбіралася ў кватэры, а потым увечары атрымала паведамленне, што зараз да мяне прыедуць калядоўшчыкі. Я нават адразу не паверыла, але гэта быў не жарт! Я была вельмі ўражана добрай падрыхтоўкай нашых таленавітых парафіянаў: цудоўныя касцюмы, прадуманы сцэнарый з вершамі, радасныя калядкі. З цеплынёй у сэрцы ўзгадваецца гэтая неспадзяваная класная сустрэча! Добра, што мы памятаем нашыя старажытныя карані і працягваем нашыя традыцыі!»

Алёна Барадзіна дзеліцца: «Гэта было так кранальна, у такіх выдатных касцюмах, усе цудоўна спяваюць, умеюць весяліцца ад душы і праслаўляць Хрыста.

Так атрымалася, што гэта было 7 студзеня і ў нас дом быў поўны сваякоў мужа: адзначалі праваслаўнае Раство. Усе засталіся ў захапленні, а я была вельмі шчаслівая і гордая, што Бог нам падараваў такіх выдатных, таленавітых і ініцыятыўных святароў і парафіян. Як жа нам пашанцавала! Дзякуй Богу!

Яшчэ быў вельмі цікавы момант, калі частка сваякоў мужа, аказваецца, ведала Віталя Маісеева, але ў вобразе барадатага дзеда не прызнала, хоць сцвярджала, што кагосьці ім нагадвае, пакуль сам "дзядок" не адкрыў свой твар.

Вельмі спадзяюся, што гэта стане яшчэ адной цудоўнай традыцыяй нашай парафіі, асабіста я буду вельмі чакаць на будучы год. Хто не адважыўся запрасіць калядоўшчыкаў сёлета, абавязкова запрасіце ў наступным годзе. Гэтыя добрыя і цёплыя эмоцыі, якія вы атрымаеце, будуць саграваць доўгі час.

Яшчэ раз вялікі дзякуй тым, хто падрыхтаваў гэтую каляду і рэалізаваў. Няхай Добры Бог адудзячыць вам. Збірайце ўсіх родных і блізкіх, дзяліцеся каляднай радасцю: “Бог нарадзіўся! Славім Яго”».

Падрыхтавала Алеся Стэцкая

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.