Шчыра дзякуем вам за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за ахвяраванні на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

31 студзеня (аўторак): успамін св. Яна Боска, прэзбітэра.

2 лютага (чацвер): свята Ахвяраваня Пана. Святая Імша ў 7.00, 12.00, 19.00. Успамінаецца дзень, калі прынеслі Езуса ў святыню, каб выканаць прадпісанне Старога Запавету. Свята спаткання Хрыста са сваім народам адзначалася ў Ерузалеме з 5 веку, а ў 7 веку было прынята на Захадзе. Гэтым святам заканчваюцца ўрачыстасці, звязаныя з аб’яўленнем свету Слова Уцелаўлёнага.
Згодна з традыцыяй у свята Ахвяравання Пана благаслаўляюцца свечкі, так званыя грамніцы.

3 лютага (пятніца): успамін св. Блажэя, біскупа і мучаніка. Святая Імша ў 7.00, 12.00, 19.00. Будзе адбывацца благаслаўленне свечак у гонар св. Блажэя і адмысловая малітва.

5 лютага (нядзеля), у дзень успаміну св. Агаты, адбудзецца благаслаўленне хлеба і вады. У малітве асвячэння прыпамінаецца, што св. Агата з’яўляецца асабліваю заступніцаю і апякункаю ў небяспецы пажару.

На гэтым тыдні прыпадаюць:
Першы чацвер месяца — дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай.
Першая пятніца месяца — дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
Таксама запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Адарацыя пачнецца пасля святой Імшы на 19.00 і працягнецца да 8-й гадзіны раніцы.
Першая субота месяца — дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Першая нядзеля месяца – у 13.30 Святая Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца.
Інтэнцыя жывога Ружанца на люты: Молімся аб здароўі і апецы Панны Марыі для хворых і церпячых, аб Божае благаслаўленне для медычнага персанала.

1. Заканчваецца душпастырская візітацыя сем’яў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме на гэтым тыдні, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы (пасля 5 лютага гэта будзе магчыма толькі асабіста дамовіўшыся са святаром).
2. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да святога Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.