Поўная каплічка вернікаў. На дварэ кастрычнік. Нядзеля. Поўдзень. Урачыстая працэсія: крыж, Евангелле, рэліквіі. Пяць святароў ля алтара. Шмат міністрантаў. Скаўты і скаўткі з басанамі.
«Не бойцеся жыць для любові» – спеў на пачатак. Словы, якія так часта паўтараў святы Ян Павел ІІ, – «не бойцеся!» Гэты заклік не траціць актуальнасць і пасля 44 гадоў з моманту, як кардынал Караль Вайтыла стаў галавою Касцёла. Менавіта ў гэтую восеньскую нядзелю, 23 кастрычніка, кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк урачыста ўнёс у нашу капліцу рэліквіі святога Папы.
На пачатку Святой Імшы кс. пробашч Алег нагадаў, што святы Ян Павел ІІ даўно ўшаноўваецца ў нашай парафіі. Папа абраны заступнікам многіх супольнасцяў, якія ў ёй існуюць.
Адна з суполак END першая абрала Яна Паўла ІІ як узор для наследавання. Людміла Чаган, удзельніца суполкі, дзеліцца: «Вельмі шмат мудрасці ў словах Яна Паўла ІІ: ёсць над чым задумацца, ёсць да чаго імкнуцца. І ёсць на каго раўняцца». Людміла кажа, што словы Папы яе ўражваюць і даюць пасілак для душы. Асабліва парафіянку кранае тое, што Ян Павел казаў сем’ям. Святы Папа падкрэсліваў, што сям'я — каштоўны скарб, што трэба аберагаць сваю сям'ю і прабачаць адно аднаму.
Вядомы факт, што Караль Вайтыла яшчэ са школьных часоў моцна захапляўся тэатрам і польскай філалогіяй. У 1938 годзе будучы Папа пачаў навучанне на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. А зараз вернікі рознага ўзросту маюць магчымасць наведваюць парафіяльную школу імя святога Яна Паўла ІІ.
Ян Павел ІІ вылучаўся сваёй асаблівай любоўю да моладзі. Караль Вайтыла заўсёды знаходзіў час і сілы, каб быць з ёй. З дабрынёй кракаўская моладзь часта называла яго «дзядзька» (па-польску – wujek). А супольнасць нашай парафіі – ДМХ «Адзіныя сэрцам» – таксама захапілася постаццю святога Яна Паўла ІІ і абрала яго сваім заступнікам. «Нездарма ў літаніі мы прамаўляем «сябра і выхаваўца моладзі», – кажа Алеся Стэцкая. – Я сапраўды адчуваю гэта праз ДМХ».
Святы Ян Павел ІІ стаў блізкі і для скаўцкай супольнасці. Першая мінская дружына носіць імя святога Папы. Адзін з шэфаў дружыны, Андрэй, кажа: «Ян Павел ІІ вядзе мяне, і я гэта заўважаю. Па-першае, мы абодва нарадзіліся ў маі. Па-другое, мая інтэграцыя ў нашу парафію распачалася з ДМХ «Адзіныя сэрцам», якое яшчэ да майго прыходу абрала ў якасці заступніка гэтага святога. Па-трэцяе, цяпер я з’яўляюся звязовым звяза святога Яна Паўла ІІ. А прагляд фільма ў суботу яшчэ раз паказаў мне гэтага чалавека, і гэта дапамагло мне больш поўна перажыць унясенне яго рэліквій у нашую капліцу. З прыклада Яна Паўла хачу вучыцца яго адданасці Марыі, у маім сэрцы моцна гучыць, што святы Папа заўсёды быў цалкам адданы Багародзіцы».
Любоўю і пашанай да святога Папы адзначаюцца нашыя святары і сёстры законныя. Кс. Уладзімір сведчыць пра ўплыў Яна Паўла ІІ на ўласнае духоўнае жыццё: «Святы Папа з'яўляецца для мяне аўтарытэтам і выразным знакам вернасці пакліканню. З пазнавання яго асобы, жыцця і навукі чэрпаю натхненне для свайго жыцця і служэння. Нядаўна перачытваў фрагменты кнігі «Дар і таямніца». Святы Папа прамовіў да мяне словамі з гэтай кнігі, якімі ў 1996 годзе, адзначаючы Залаты Юбілей пасвячэння, звяртаўся да братоў у святарстве: «Любіце вашае святарства! Будзьце яму верныя аж да канца! Умейце ўбачыць у ім той евангелічны скарб, за які варта аддаць усё» (пар. Мц 13, 44). Яго словы і прыклад з'яўляюцца сёння для мяне стымулам да вернасці».
«З моманту ўнясення рэліквій Яна Паўла ІІ ён яшчэ больш, фізічна, будзе з намі», – зазначыў падчас Святой Імшы кс. Алег.
Будзем імкнуцца часцей сустракацца з асобай Яна Паўла ІІ праз яго словы, якія засталіся ў навуцы (напрыклад, у касцёльных дакументах, прамовах, паэзіі), на малітве праз яго заступніцтва, а таксама праз ушанаванне святых рэліквій. У нядзелю 30 кастрычніка пасля кожнай Святой Імшы будзе магчымасць асабіста ўшанаваць рэліквіі святога Яна Паўла ІІ.