Душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» (ДМХ) — гэта супольнасць студэнцкай і працуючай моладзі, якая працягвае сваю фармацыю. Фармацыя трывае ў розных формах: рэгулярныя сустрэчы, супольнае святкаванне дзён народзінаў, выезды на мерапрыемствы дыяцэзіяльнага маштабу, выезды на рэкалекцыі. Таксама ўдзельнікі ДМХ практыкуюць супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, чытанне адгартацый і энцыклік, прагляд хрысціянскіх фільмаў, сумесны актыўны і культурны адпачынак. Група аднадумцаў дае моцную падтрымку для маладога чалавека ў сучасным свеце.
Святы Айцец Францішак неаднойчы казаў: «Дарагая моладзь, вы — сённяшні дзень Бога, сённяшні дзень Касцёла! Касцёл мае патрэбу ў вас, каб цалкам быць сабой. Як Касцёл, вы з'яўляецеся целам уваскрослага Госпада, які жыве ў гэтым свеце. Я прашу вас заўсёды памятаць, што вы — члены адзінага цела. Вы звязаны адно з адным, і ў адзіночку вам не ацалець... Толькі ідучы разам, мы зможам стаць па-сапраўднаму моцнымі. Разам з Хрыстом, Хлебам жыцця, які дае сілу ў шляху, давайце панясём святло Яго полымя ў ночы гэтага свету!»
Сустрэчы адбываюцца кожны чацвер а 20:15 на Лідскай (а 19.00 — Святая Імша ў капліцы для тых, хто мае магчымасць), звычайна ў форме супольнай малітвы, канферэнцыі святара і магчымасці за гарбатай абмеркаваць тое, што хвалюе кожнага. На кожнай сустрэчы ёсць магчымасць дзяліцца Божым Словам.
Заступнікам ДМХ з'яўляецца святы Папа Ян Павел ІІ. Сваім дэвізам моладзь абрала словы: „Unum cor et anima una“ — «адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4:32).
Каб далучыцца да «Адзіных сэрцам», прыходзьце на Святую Імшу ў чацвер а 19.00, у нядзелю на вечаровую Святую Імшу або звяртайцеся да кс. Уладзіміра Марушэўскага SChr (+375297442538).