У гэтым годзе, як і ў мінулым, у сувязі з пандэміяй не было такіх маштабных аплаткавых сустрэч, як некалі. Аднак, дзяленне аплаткай — не проста традыцыя. Існуе патрэба сэрцаў раздзяліць радасць Божага Нараджэння з іншымі людзьмі, асабліва з блізкімі: з тымі, хто належыць да адной парафіяльнай сям’і, хто стаў братам ці сястрой па супольнасці, сапраўдным сябрам. Таму мы шукаем гэтых сустрэч, хоць бы ў малых групах, каб павіншаваць адно аднаго, сказаць добрыя словы, выказаць найлепшыя пажаданні, пабыць у гэты святочны час разам.
22 снежня «Моладзь Хрыста» сабралася на аплаткавай сустрэчы ў сясцёр назарэтанак. Зазвычай малодшая моладзь удзельнічала ў аплаткавых сустрэчах у складзе іншых супольнасцяў: скаўтаў, удзельнікаў хора, Літургічнай службы алтара і інш. Сёлета «Моладзь Хрыста» разам чакала прыйсця Збаўцы.
На наступны дзень па «свежых слядах» малодшай моладзі, правяла аплаткавую сустрэчу працуючая і студэнцкая моладзь. Удзельнікаў сабралася так шмат, што сустрэча ДМХ «Адзіныя сэрцам» праходзіла не, як звычайна, у памяшканні нашых святароў, а ў суседняй парафіі Маці Божай Будслаўскай на Каменнай горцы, дзякуючы гасціннасці пробашча кс. Францішка.
Сустрэча распачалася нешпарамі і благаслаўленнем аплаткаў. Ксёндз Алег павіншаваў моладзь са святам. Ён заклікаў да запрашэння ў сваё жыццё нованароджанага Збаўцы, а таксама падкрэсліў, што важна мець простае і адкрытае сэрца, бо толькі так чалавек найбольш здольны заўважыць веліч любячага Бога.
26-га і 27-га снежня на аплаткавых сустрэчах збіраліся «супрацоўнікі» парафіі — актыўныя парафіяне, якія дапамагаюць нашым душпастырам у розных справах. Ксёндз Алег і ксёндз Уладзімір выказалі падзяку «супрацоўнікам» за іх служэнне, адкрытасць, зацікаўленасць, за ўклад у развіццё парафіі.
Іншыя парафіяльныя супольнасці таксама знаходзяць магчымасць для святочных сустрэч. Яскравы прыклад — хор «Божыя ягняткі».
Такія сустрэчы, без сумніву, збліжаюць удзельнікаў супольнасцяў і цэлую парафію, у якой кожны знайшоў сваё месца. Са святам, дарагія сябры! Хрыстус нарадзіўся!