22 снежня – напярэдадні свята Божага Нараджэння напрацягу ўсяго дня людзі нашай парафіі прыбывалі ў залу, дзе іх чакалі святары з добрым настроем, каляднымі спевамі і сімвалам надыходзячага свята – белым хлебам.

Дзень аплатковых сустрэч, які ладзіцца ў нашай парафіі ўжо трэці год, распачынаюць навучэнцы польскай мовы. Уcіх прысутных вітае кс. пробашч Алег і выражае асаблівую ўдзячнасць пані Хэлене Марчукевіч, гаспадыні залы, дзе парафіяне сёння маюць шчасце дзяліцца аплаткай і святочным настроем. Ва ўступным слове пані Хэлена зычыла ўсім дзецям добрай навукі ў школе і Касцёле. Удзельнікі дзякуюць за магчымасць быць тут, каб разам перажыць гэты час і адчуць супольнасць. Вольга і Вадзім Бачкоўскія – настаўнікі польскай мовы – прэзентуюць хроніку заняткаў і сустрэч. «Але самы вялікі падарунак для нас – гэта Езус, таму ўзгадаем гісторыю нараджэння Езуса разам», – падкрэслівае вядучая Вольга Шакола.

Прадстаўляецца сцэнка, так званыя jasełka, падрыхтаваныя наймалодшымі вучнямі. Пасля невялікага квізу, з якога мы даведваемся, як доўга Святая Сям’я ішла да Бэтлеема, як тлумачыцца «дом хлеба», калі хрысціяне пачалі адзначаць Раство і хто стварыў першую «шопку», кс. Алег благаслаўляе аплаткі і ўсіх прысутных. Кожны імкнецца сказаць штосьці асаблівае. Дзеці бягуць адно да аднаго з радаснымі віншаваннямі. Сярод дарослых чуваць пажаданні таго, каб Езус панаваў у кожным сэрцы, у кожнай сям’і і ва ўсёй штодзённасці.

Эвеліна Мікіцкая знаходзіцца сёння тут са сваёй сястрой і пляменнікам
Эвеліна Мікіцкая знаходзіцца сёння тут са сваёй сястрой і пляменнікам

Эвеліна Мікіцкая, якая ўжо другі год вывучае польскую мову, жадае «каб усе перашкоды, якія сустракаюцца на шляху, пераадольваліся з лёгкасцю, таму што Бог побач, Ён спашле людзей, якія Вам дапамогуць!».

Сястра Марыанна жадае «хадзіць Божымі шляхамі, выбіраць не сваю дарогу, але шукаць тую, якую прапануе Бог». “Miłośći, zdrowia i Bożego błogosławieństwa”, – гучаць шматлікія пажаданні.

Дзеці чытаюць вершы пра Святога Мікалая. Усе хорам зазываюць святога біскупа, але Вольга Бачкоўская паведамляе, што святы Мікалай прыйдзе толькі пад калядныя спевы. Таму дзятва спявае разам з бацькамі, і кожны атрымлівае падарунак. Пасля супольнай малітвы кс. Уладзімір удзяляе прысутным благаслаўленне на час падрыхтоўкі да Калядаў. Сёння кожны ўдзельнік сустрэчы павязе дадому адчуванне блізкасці свята.

Ужо пачынаюць збірацца ўдзельнікі груп: Caritas, Жывы Ружанец, Маці ў малітве, Апостальства дапамогі душам чысцовым і Біблійныя сустрэчы. «Згодна з традыцыяй продкаў, сёння мы збіраемся тут, каб ламацца хлебам, складваць узаемныя пажаданні. Але найперш хочацца падзякаваць за вашае заангажаванне ў жыццё парафіі малітвай і служэннем, – гаворыць напачатку кс. Алег. – Удзельнікі малітоўных рухаў – гэта нашае нябачнае войска, дапамога якога нам неабходна. Дзякуй тым, хто робіць міласэрнасць праз канкрэтныя чыны для іншых людзей. Дзякуем тым, хто шукае Хрыста праз чытанне Біблі. Хочацца пажадаць усім вам, каб вашае жыццё заўсёды напаўнялася Любоўю».

Душпастыры падкрэсліваюць: «Галоўнае – не прызвычаіцца да свята, бо Каляды мы святкуем кожны год, але насамрэч Езус нараджаецца падчас кожнай Святой Імшы. І кожны раз – гэта цуд. Час мінае хутка, здаецца, толькі нядаўна мы распачыналі Адвэнт. Раство таксама пройдзе хутка. Але, каб Хрыстус стаў жывым, каб свята сталася большым і на крок глыбейшым, трэба праслаўляць Бога, бо праслаўленне змяняе штодзённасць».

Пасля супольнай малітвы ўдзельнікі сустрэчы з жыццёвага вопыту жадаюць адно аднаму моцна трымацца Хрыста і заўсёды быць верным Яго вучэнню, што плаўна пераходзіць у сумесны пасілак і спяванне калядак.

На гадзінніку 16:00, а гэта азначае, што ўжо чакаюць аплатковай сустрэчы скаўткі і «Божыя кароўкі» са сваімі шэфамі, а таксама хоры «Божыя ягняткі», Agape, Anima una і дзяўчыны з яшчэ маладога парафіяльнага ЭРМ са сваімі кіраўнікамі.

Ксёндз-пробашч распачынае сустрэчу: «Дзякуем за вашае служэнне, за прагненне быць для кагосьці, працягвайце гэта рабіць так, як рабіў Хрыстус. Дзяліцеся сваімі талентамі і сваім часам. Дзякуем Пану Богу за ўсіх вас».

Алена Шымак звяртаецца да «Божых ягнятак» з падзякай за праслаўленне Бога спевамі, за жаданне прыходзіць на рэпетыцыі, спяваць і служыць сваім голасам. Спадарыня Алена асабліва дзякуе бацькам за тое, што падтрымліваюць гэтае полымя ў сваіх дзецях. Ангеліна Гуд вітае БК, якія толькі пачынаюць пазнаваць радасць у Богу праз прыроду. Яна складвае падзякі святарам, якія вельмі дапамагаюць, і бацькам за іх намаганні. Сястра Агнешка, кіраўнік падлеткавага хора Agape, дзякуе дзяўчынам за час, які яны праводзяць разам, і жадае жыць у любові маленькага Езуса.

«Нашыя скаўткі – гэта дзяўчыны, якія нясуць актыўнае служэнне, асабліва зараз, у час развозу бэтлеемскага агню міра па ўсёй Беларусі», – кажа кс. Алег, пасля чаго на рукі звязовай Агаты Лялевіч ганарова ўскладаецца лілія для басану. Цёплыя пажаданні ўсёй скаўцкай сям’і складвае звязовая, а дружыновая Таццяна Мазун дзякуе святарам і шэфам за іх прыклад служэння, бо «калі дзеці бягуць у скаўтынг – гэта неверагодна»!

Эўхарыстычны Рух Маладых толькі паўстае ў нашай парафіі, нараджаецца як немаўлятка, але сястра Кляра, Наталля Iвашкевіч і Вольга Саладкевіч ужо дзякуюць дзецям за іх адвагу распачаць удзел у новым руху.

Кс. Алег падкрэслівае, што вера дзяцей чыстая і празрыстая, і часам нам, дарослым, трэба стацца як дзеці, каб з такім жа адчуваннем блізкасці Нараджэння Збаўцы перажыць гэтыя дні.

Сцэнка ад БК
Сцэнка ад БК

З дапамогай кола «Божых каровак» усе ўдзельнікі сустрэчы перажываюць гісторую адной беднай дзяўчынкі, якая адчула радасць Раства. Адбываецца сцэнка паводле казкі Ханса Крысціяна Андэрсена «Дзяўчынка з запалкамі».

Ужо 18 гадзін: распачынаецца апошняя сённяшняя сутрэча, у ёй прымаюць удзел скаўты і «Ваўчаняты» са сваімі шэфамі, Літургічная Служба Алтара, а таксама хлопцы з ЭРМ. Напачатку адбываецца цырымонія, падчас якой акела Валерый Шымак назначае Паўла Чагана сваім дапаможным.

«Дзякуем Богу за нашых шэфаў, за магчымасць будаваць скаўцкую сям’ю. Дзякуй вам за тое, што паказваеце свету, што скаўтынг – гэта крута. Служыце не толькі ў нашай парафіі, але па ўсёй Беларусі. Няхай гэты агонь, які вы развозіце, заўсёды палае ў вашых сэрцах», – адзначае кс. Алег.

Акела Валерый Шымак дзякуе бацькам за іх хлопцаў і прызнаецца, што яму вельмі падабаецца служыць і праводзіць час з імі. Спадар Валерый падкрэслівае: «Важна тое, што хлопцы развіваюцца, становяцца добрымі хрысціянамі і грамадзянамі. Скаўтынг – гэта шлях, каб стаць сапраўным мужчынам». Звязовы Павел Бельскі заклікае скаўтаў паказваць сваю веру не толькі словам, але ў першую чаргу сваімі справамі. На рукі Паўла ўрачыста ўскаладаецца лілія для звязу св. Яна Паўла II.

Да міністранстаў звяртаецца кс. Уладзімір: «Служба пры Алтары – гэта гонар. У такім духу служыце ў нашай парафіі і ўсюды, дзе вас паставіць Пан Бог».

Дзелячыся аплаткай, усе абменьваюцца шчырымі усмешкамі, добрымі зычэннямі і радасцю сэрца. «Ваўчаняты» жадаюць сабе ўзаемна стаць добрымі скаўтамі. Арцём Чаган зычыць сябрам верна несці сваё служэнне.

Калядныя спевы, віктарына і сумеснае завяршэнне дня малітвай. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, сёння цеплыня пануе ў сэрцах.

Душпастыры і ўся каманда Jan.by віншуе чытачоў са святам Божага Нараджэння і надыходзячым Новым Годам, складае найлепшыя пажаданні супакоя ў Вашых сем’ях і радасці ад спаткання з нованароджаным Езусам. Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.