
Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных
святаў. Ён пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца
так ад абраду пасыпання галоваў попелам. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і
верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся».
Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да
велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду
пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.