19 кастрычніка ў нашай парафіі адбылася місійная анімацыя. З нагоды Сусветнaга дня місій дзеці прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да ўрачыстай святой Імшы, узбагаціўшы яе місійнымі элементамі.

Дзеці разам з бацькамі маліліся ў інтэнцыі місійнай дзейнасці Касцёла. Маленькія парафіяне прынеслі да алтара дары, а разам з імі — свае праблемы, клопаты і цяжкасці сваіх аднагодкаў з розных краін. Разам са сваімі душпастырамі маленькія місіянеры нагадалі прысутным, што яшчэ вельмі шмат людзей не спазналa радасцi сяброўства з Езусам, таму неабходна прыняць на сябе місію абвяшчэння праўды аб Божай любові. 

Дзеці своеасаблівым чынам ужо распачалі гэтую місію, запрасіўшы ўсіх прысутных у парафіяльную капліцу на ружанцовую малітву, якую правядуць у літургічны ўспамін святога Яна Паўла II, 22 кастрычніка. У гэты дзень падчас малітвы будзе гучаць просьба, каб дзякуючы місійным намаганням Касцёла полымя веры ў Езуса разгаралася і спрыяла адраджэнню Касцёла ў Беларусі і ва ўсім свеце. 


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.