«Што такое пілігрымка?» – такім пытаннем задаюцца многія. Напэўна, кожны б адказаў па-рознаму. Вырушаючы ў шлях, пілігрым мае сваю мэту. Навошта ўдзельнікі ДМХ «Адзіныя сэрцам» пераадолелі шлях у 185 кіламетраў?

На першае месца пілігрым ставіць асабістую сустрэчу з Езусам і Марыяй, якой вельмі чакае. Гэтай сустрэчы прагнула і моладзь нашай парафіі, якая ў складзе шасці чалавек сабралася разам з ксяндзом пробашчам Алегам Шпецем SChr, ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr, клерыкам Аляксандрам Шыманскім і сястрой Агнешкай Рамашкай CSFN, каб на роварах здзейсніць шлях да Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у аграгарадок Тракелі, што на Гродзеншчыне.

«З аднаго боку, наведванне санктуарыя з’яўляецца мэтай пілігрымкі, бо выбіраем канкрэтнае святое месца, гэта азначае, што мы хочам там апынуцца. Але з іншага боку, дарога, сама пілігрымка – гэта час, калі Пан Бог дае свае ласкі, Ён дзейнічае ў нашым жыцці. Калі мы адкрытыя на Яго Слова, то Бог канкрэтна нас перамяняе, – разважае кс. Уладзімір, – Менавіта па дарозе ў Эмаўс вучні сустрэлі Езуса Хрыста, які тлумачыў ім Пісанне і адкрыўся падчас Эўхарыстыі».

У першы дзень пілігрымкі быў пераадолены найвялікшы адрэзак шляху. Падтрымкай сталі айцы францішкане, якія сустрэлі раварыстаў гарбатай і пачастункамі ў Івянцы. Не ўпасці духам дапамаглі таксама сустрэчы з добрымі людзьмі, смачны абед і вячэра ў Налібаках, дзе пілігрымы і затрымаліся на начлег.

Адна з удзельніц, Паліна Маісеева, зазначыла: «Складана было, але не так моцна, як магло б быць, Бог благаславіў. Было цяжка ехаць, асабліва ў першы дзень, але ксёндз Алег працягнуў мне рукудапамогі, а дакладней вяроўку выратавальніцу, якую прычапіў да майго ровара, і так цягнуў мяне на буксіры. Гэты выпадак паказаў мне ахвярнасць іншага чалавека, ахвярнасць нашых ксяндзоў, бо ў гэтай сітуацыі, апроч сваіх цяжкасцяў, ксёндз Алег узяў на свае плечы і мае цяжкасці... Я адчула, што значыць слова “супольнасць”, калі мы дзяляліся радасцямі і турботамі. І гэта не можа не захапляць».

Другі дзень, як і першы, распачаўся Святой Імшой з Ютранню а 4-й гадзіне раніцы. А ад паўднёвай спёкі пілігрымам дапамог уратавацца кс. Ян Гавецкі, пробашч іўеўскай парафіі, які не адпусціў пілігрымаў без смачнага абеду і марожанага. Другі дзень скончыўся супольнай малітвай каля вогнішча на рацэ Гаўя, дзе моладзь паставіла намёты.

Антон Вайткевіч, для якога пілігрымка ў Тракелі стала ўжо пятай у гэтым годзе, падзяліўся: «У пілігрымцы са мной мая вера, мае просьбы, з якімі я іду да Езуса і Марыі. На гэтым шляху са мною мае знаёмыя і сябры, якія падтрымліваюць мяне і не даюць здацца. Гэта аднаўляе мяне духоўна і фізічна, дазваляе развівацца».

Ніхто не спужаўся дажджу ўначы, і раніцай трэцяга дня ўсе былі гатовыя да апошняга рыўка на шляху да Тракеляў. Праз некалькі гадзін няхуткага руху ўсіх удзельнікаў пілігрымкі прывітаў айцец Анджэй Ядкоўскі CSsR, пасля чаго ўсе разам паспяшаліся ў санктуарый, каб зазірнуць у вочы Любімай Маці і скласці з глыбіні сваіх сэрцаў да Яе падножжа свае інтэнцыі.

Адпустовая ўрачыстастаць у гэтым годзе праходзіла ў варунках пандэміі. Мясцовы фэст сёлета адбыўся 2 ліпеня. Усе ўдзельнікі пілігрымкі прынялі ўдзел у Святой Імшы, якую ўзначаліў кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі.

У 2020 змяніўся выгляд пляцоўкі каля касцёла: з’явіліся сажалкі, шматлікія расліны, нават з’явіліся розныя птушкі. Гэты пейзаж прываблівае не толькі чалавечае вока, але і людскія сэрцы. Пілігрымы з розных мясцін Беларусі імкнуліся знайсці час на шпацыр па сцежках каля санктуарыя. Як зазначыў кусташ мясцовай парафіі, атрымаўся сапраўдны санаторый. Пілігрымы-раварысты таксама мелі час, каб адпачыць у “санаторыі”, адчуць супакой, які дае Марыя, і маліцца ў інтэнцыях усёй парафіі і Беларусі.

Пілігрымка – час адказнасці адно за аднаго. Дарога – гэта месца, дзе ад дзеянняў кожнага залежыць бяспека ўсёй групы. Можа, менавіта таму пілігрымы з ДМХ «Адзіныя сэрцам» неаднойчы зазначалі, што «час пілігрымкі – добры час будавання супольнасці».

Супольнае прыгатаванне ежы і сумесны пасілак – неад’емная частка самой пілігрымкі і прабывання ў Тракелях. Адабедаўшы, пілігрымам выпала магчымасць прывітаць на тэрыторыі санктуарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча і дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, якія ўдзялілі прысутным Божае благаслаўленне. Падмацаваўшыся духоўна і фізічна, кс. Алег, Вова Лукомскі і Антон Вайткевіч пастанавілі вяртацца на роварах у Мінск, а іншыя ўдзельнікі пілігрымкі працягнулі свой адпачынак на тэрыторыі касцёла, каб потым на роварах даехаць да Гаўі, адкуль вяртацца ў Мінск цягнікамі.

На шляху да Маці Божай маладых пілігрымаў кожны дзень суправаджалі духоўныя практыкаванні, супольныя малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у касцёлах нашай Бацькаўшчыны, размовы з рознымі людзьмі, сустрэчы з чалавечай гасціннасцю і добразычлівасцю, пейзажы неабсяжных лясоў і палёў.

– “Імкненне сэрца кліча нас” – спявалі мы ў песні, якую падрыхтавалі на прывітанне Маці Божай у Тракелях. Пан Бог і Найсвяцейшая Панна Марыя клічуць нас, чакаюць нас. Такое імкненне сэрца вядзе чалавека да гэтага асаблівага месца. Сёння, у сітуацыі пандэміі, бачна, што пілігрымка – гэта не проста традыцыя, хоць і вельмі важная, закаранёная ў гісторыі Касцёла, а асаблівы спосаб перажывання веры. Тое, што па тэрыторыі Беларусі адбываліся і адбываюцца такія індывідуальныя пілігрымкі, якую здзейснілі і мы, падкрыслівае глыбокі сэнс пілігрымавання, – падзяліўся думкамі кс. Уладзімір.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.