Чацвёрты парафіяльны Баль Усіх Святых адбыўся ў мінулую нядзелю. Выбіраць святога, прыдумваць касцюм, ствараць малюнак — гэта ўжо традыцыйныя справы для дзяцей падчас восеньскіх канікул. А пакуль дзеці з дапамогай бацькоў рыхтаваліся і разам чакалі гэту незвычайную нядзелю, нашыя святары, сёстры і найактыўнейшыя парафіяне ладзілі сустрэчы, каб абмеркаваць тэму і дэвіз сёлетняга Балю.

Як гэта было...

І вось ён — момант нараджэння ідэі, якую так важна патлумачыць дзецям — «Святасць праз вернасць». Перад вачыма паўстае постаць святога Максімільяна, сцэны з жыцця якога сталі асновай для нашага спектаклю. Закупка падарункаў, стварэнне сцэнарыя, пошук актораў, спробы рэалізацыі ідэі на сцэне, выпрабаванне гукаапаратуры і праца над расстаноўкай святла — гэта толькі некаторыя этапы шматдзённай працы арганізацыйнай групы. Уся каманда зноў і зноў збіраецца разам, каб прыдумаць конкурсы для дзяцей, размеркаваць працу, падрыхтаваць бэйджы, дэкарацыі і рэквізіт. І увесь час працягваюцца рэпетыцыі спектакля.

Надыходзіць апошні тыдзень падрыхтоўкі да балю. Шмат задач выканана, многія цяжкасці ўжо за плячыма.

Субота. Засталося 20 гадзін да пачатку свята. Уся каманда арганізатараў збіраецца ў дольнай зале Чырвонага касцёла, каб упрыгожыць яе. Стварэнне фотазоны — важны пункт падрыхтоўкі. Кожны прысутны выконвае сваю частку працы. Усе ў прадчуванні імпрэзы. Ксёндз Уладзімір пільна сочыць, каб ні пра што не забыліся.

І вось, доўгачаканая нядзеля. Пасля святой Імшы акторы спяшаюцца на апошнюю генеральную рэпетыцыю. Моладзь заканчвае прыгатаванне залы, адказныя займаюцца арганізацыяй салодкага стала. Ксёндз Уладзімір збірае ўсіх, каб благаславіць на гэтае служэнне. Хвалюючы момант — пачатак! Першыя ўдзельнікі ўжо праходзяць рэгістрацыю. Па традыцыі іх гасцінна сустракае Анёл Юзік, менавіта ў гэтым вобразе парафіяне звычайна бачаць свайго пробашча на балі. Вікарыя нашай парафіі неадразу можна пазнаць — задумваюцца і дарослыя, і дзеці. Безумоўна, яму вельмі пасуе касцюм святога папы Яна Паўла ІІ, што адзначаецца шматлікімі кампліментамі. Жадаючых атрымаць фотаздымак з сястрой Клярай вельмі шмат — на час Балю яна пераўтварылася ў благаслаўлёную Францішку. Не абмінаюць увагай і сястру Агнешку, якая невыпадкова для свята абрала вобраз святой Агнешкі. Нельга не адзначыць касцюмы шматлікіх удзельнікаў: з кожным годам яны становяцца ўсё больш цікавымі і тэхнічна складанымі. Творчая рэалізацыя візіі святога бачная праз вопратку кожнага дзіцяці. Відавочна, што без дапамогі бацькоў не абышлося, і гэта насамрэч вельмі радуе. Чым прываблівае дзіця той ці іншы святы ў некаторых сітуацыях можна толькі здагадвацца, бо шмат мучанікаў можна сустрэць на нашым Балі, многіх святых з вельмі складанымі лёсамі. Але менавіта разнастайнасць святых заўсёды з'яўляецца асаблівасцю парафіяльнага Балю.

 

Пасля агульнага прывітання ўсе ўдзельнікі разам з сем'ямі былі запрошаныя на тэатральную пастаноўку. Кожны глядач перажыў больш глыбейшае знаёмства з жыццём мучаніка святога Максімільяна Марыя Кольбэ. Падчас самых напружаных сцэн вочы пяшчотных жанчын напаўняліся слязьмі. Шчырыя рэакцыі дзяцей былі розныя, але многія задумаліся аб вернасці і як цяжка ў ёй трываць аж да самай смерці. Пасля кароткага падсумавання і падзяк актыўнай групе ад кс. пробашча Алега канчаткова высветлена, што мэта прадстаўлення дасягнута — у сэрцы кожнага ўдзельніка Баля гучыць: «верным хачу быць, каб святасць здабыць».

                                        

Баль у самым разгары. А значыць надышоў час танцаў. Усе збіраюцца ў зале, гучыць музыка, танчаць не толькі дзеці, але і бацькі. Гучна і весела працягваецца супольны вечар. Надышоў момант выкананання заданняў. Выконваючы кожнае з шасці заданняў, удзельнік атрымлівае асаблівую пазнаку — карона на яго бэйджыку з белай ператвараецца ў чырвоную. З невялікім перапынкам на пачастунак, танцы і спевы, у якіх галасы сотняў святых зліліся ў адзін, каб праславіць Бога, працягваецца час выканання заданняў. Тут у чарзе сустрэліся святая Тэрэза са святым Францішкам, святы Ян Павел ІІ з царом Давідам, святая Уршуля са святой Жаннай д'Арк, два анёла Божых на зямлі і іншыя выдатныя постаці каталіцкага свету.

Апошнія хвіліны, каб прайсці заданні. Тых, хто ўжо ўсё паспеў, чакае Марыя, якая прагне, каб кожны ўпрыгожыў яе абраз сваёй уласнай кветачкай з іменем свайго святога. Марыя — уся ў кветках! Арганізатарам сапраўды ўдалося сабраць цэлае поле духмяных кветак для Найлепшай Мамы.

Баль трывае ўжо амаль тры гадзіны, але ніхто не спяшаецца расхадзіцца, Анёл Юзік і святы Вялікі Папа ізноў клічуць усіх у тэатральную залю. Ксёндз Алег дзякуе ўсім заангажаваным у арганізацыі свята, дзякуе кожнаму дзіцяці за адказную падрыхтоўку і ўдзел, бо без іх Баль не меў бы аніякага сэнсу. Сюрпрыз!!! Кожнага ўдзельніка чакае падарунак, але спачатку вынікі конкурсу малюнкаў і традыцыйная латарэя. Вясёлыя ўсмешкі і развітанні без шкадаванняў, бо ўсе ведаюць, што ў наступным годзе нас чакае юбілейны V Баль Усіх Святых.

 

Сваімі ўражаннямі дзеліцца сям'я Меньшуткіных: «Мы ўжо другі раз тут. Старэйшая дачка сама абрала вобраз святой Тэрэзы, а малодшая пакуль толькі анёлак. Напачатку думалі, дзе можам узяць сукенку для нашай святой. І, што сімвалічна, знайшлі яе ў нашай бабці Тэрэзы. Усё вельмі спадабалася, асабліва спектакль, з якога больш даведаліся пра апекуна нашай парафіі святога Максімільяна Марыя Кольбэ».

Напрыканцы ўсе разам падзякавалі Богу за тое, што змаглі ў нядзелю правесці час з сям'ёй і сябрамі, каб разам праславіць нашага Пана і ўшанаваць святых.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.