30 снежня ў cвята Cвятой Cям’і пяць сужэнскіх пар з нашай парафіі склалі перад алтаром абяцанняе Богу і далучыліся да руху Equipes Notre-Dame – Суполак Маці Божай.

У прысутнасці біскупа Юрыя Касабуцкага, пастыраў парафіі і ўсёй парафіяльнай супольнасці гэтыя сем’і прысвяцілі сябе Божаму Сэрцу і паабяцалі захоўваць асвячальную ласку, яднацца з Богам у штодзённай малітве, у Ахвяры і Святой Камуніі.

Галоўная мэта руху Equipes Notre-Dame – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу. У той час, калі ў свеце трыумфуюць разводы, здрады, свабодныя саюзы, сем’і руху Equipes Notre-Dame імкнуцца жыць з Хрыстом, прызнаюць Яго Пастырам і Панам свайго сужэнства, а Яго Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і.

«Ёсць розныя рухі, Бог кліча людзей да розных формаў жыцця ў еднасці з Ім, – заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі, – Праз гэта мы становімся праменчыкам святла для іншых людзей, а Касцёл у разнастайнасці харызмаў праяўляе сваё багацце. І тое, што сёння пэўныя сем’і далучыліся да руху Суполак Маці Божай – гэта вялікая радасць для нас».

Як адзначалі Вольга і Андрэй Барадзіны, новая сям’я ў руху: «Для нас вельмі важна далучыцца да гэтай супольнасці, бо яна адпавядае нашаму светапогляду. Хочам жыць па прынцыпах жыцця з Богам у любові адзін да аднаго і да іншага».

У канцы Імшы біскуп благаславіў абразы Святой Ся’мі, якія ўрачыста былі ўручаны новым членам супольнасці. Няхай Святая Сям’я будзе ім добрым прыкладам і дапамогай на шляху да святасці.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.