«На ўвесь свет ідзём і Хрыста нясём!» — пад такім дэвізам 18 лістапада ў парафіі адбыўся трэці Баль Усіх Святых. Кожны год ён праходіць пад рознай тэматыкай. Сёлета ён нёс місійны характар.

Свята праходзіла ў зале Чырвонага касцёла. Пры ўваходзе ўсiх вітаў Святы Петр. Ён таксама назіраў за дрэс-кодам: неабходна было прыйсці ў касцюме святога.

На баль многія прыбылі ажно цэлымі сем’ямі. «Калі мы ўдзельнічаем у такіх мерапрыемствах — гэта сплачае нашу сям’ю. Мы разам, і гэта нас аб’дноўвае», — адзначыла Алена Манчынская, сям’я якой ў  поўным складзе прыйшла на баль.

Традыцыйна баль распачаў Анёл Юзік (пераапрануты пробашч кс. Алег Шпець), ён прапанаваў кожнаму наследаваць святога ў сваім жыцці, бо святасць — гэта пакліканне кожнага з нас.

У  «святых» была добрая магчымасць разам патаньчыць, паспяваць. Некаторыя ўдзельнікі трапілі сюды ўпершыню, а некаторыя ўжо трэці раз. «Мне хочацца сюды вяртацца, бо тут заўседы шумна і весела. Есць магчымасць сустрэцца са сваімі сябрамі і добра правесці час», — кажа Агата Новікава, 13 гадоў.

На працягу балю дзеці выконвалі разнастайныя заданні, якія дзяліліся па матэрыкам: Азія, Амерыка, Еўропа, Афрыка і Аўстралія. Напрыклад у Азіі патрэбна было расказаць тры факты пра свайго святога, а каб прайсці Аўстралію трэба было напісаць ліст з падзякай Богу.

Незвычайнай часткай праграмы стала сцэнка пра благаслаўлёных мучаніц сясцёр-назарэтанак з Навагрудка. Гэтая гісторыя пра тых, у кім здзейсніліся словы Хрыста: «Няма большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». У ей моладзь і дзеці парафіі паказалі нялёгкі шлях сястер ажно да растрэла.

«Самым запамінальным для мяне на бале была сцэнка, — прызналася Мар’яна Рамановіч, 6 гадоў, — Асабліва мне спадабаўся момант, калі анёльскі голас сказаў дзяўчыне не выходзіць замуж».

Сёння сучасныя сёстры-назарэтанкі нясуць служэнне між іншым і ў нашай парафіі.

У канцы мерапрыемства «святых» чакала падвядзенне вынiкаў конкурсу малюнкаў на тэму «Я — місіянер». Усяго на конкурс было прадстаўлена 25 прац. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, а пераможцы — прызы.

Цэлы вечар дзеці і дарослыя вучыліся радасна несці святасць і проста артымлівалі задавальненне ад супольнай забавы.

Як заўважыла Ганна Маісеева, баль для яе сям’і стаў часам асаблівай еднасцi: «Калі перажываем аднолькавае, то атрымліваем асалоду быць разам адно з адным».

          

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.