
15-17 снежня ў парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыя Кольбэ адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Былі праведзеныя спецыяльныя катэхезы для моладзі, дзяцей, мужчын, на якіх ксёндз-рэкалекцыяніст заклікаў быць больш адважнымі, не баяцца паказваць сваю веру і ў нехрысціянскім асяроддзі. Гэтыя катэхезы прайшлі ў форме лекцыі з дыялогам, падчас якога ўсе зацікаўленыя атрымалі адказы на хвалюючыя іх пытанні.
У першы дзень разважалі над навяртаннем як рэвізіяй нашай хрысціянскай веры, «каб застанавіцца і задаць больш глыбокія пытанні: не толькі пра знешнюю частку, але і асабліва пра тое, што мы адчуваем унутры, тое, да чаго не так проста дакрануцца».
У другі дзень разам з ксяндзом-рэкалекцыяністам шукалі магчымасці навяртання праз пакору. Разглядалі яе менавіта як свядомасць сваёй уласнай грэшнасці. «Дасведчанне ўласнай слабасці, сваёй уласнай грэшнасці дазваляе нам адкрыць веліч Божай любові, Божай ласкі і Божага прабачэння ў нашым жыцці».
У нядзелю, у апошні дзень рэкалекцый, ксёндз Віталій даў глебу паразважаць над тым, як мы адносімся да ўласнай веры: «Можа, часамі мы як спарадкаваныя дзеці, можа, лічым веру як незгараемы ўзровень у гульні?.. Дасягнулі пэўнага ўзроўню веры (найчасцей сужэнства, пасля якога бацькі часамі мяркуюць, што дзеці спарадкаваныя) і лічым, што такі ўзровень будзе ў нас назаўжды. Але гэта так не працуе: над верай трэба працаваць, трэба яе ўмацоўваць кожны дзень».
Рэкалекцыі сталі добрай нагодай падрыхтавацца духоўна да надыходзячага свята Божага Нараджэння, зрабіць рэвізію свайго жыцця.

























