Ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара сусвету, 26 лістапада 2023 года ў жыцці маладых вернікаў нашай парафіі адбылася важная падзея: 29 асоб прынялі сакрамэнт Канфірмацыі. Гэты сакрамэнт, які называюць таксама сакрамэнтам Бежмавання, сведчыць аб духоўнай сталасці вернікаў, што яны становяцца паўнапраўнымі членамі Каталіцкага Касцёла праз удзяленне Дару Духа Святога.

Такую важную падзею ў духоўным жыцці маладых людзей немагчыма ўявіць без грунтоўнай падрыхтоўкі. Школьная моладзь на працягу доўгага часу наведвала катэхезы, якія праводзіла для іх с. Марыанна, а дарослыя шмат чаго спазнавалі самастойна пад кіраўніцтвам кс. Андрэя. Пасля тэарэтычнай падрыхтоўкі мы ўсе мелі экзамен. Напярэдадні прыняцця сакрамэнту кандыдаты да Канфірмацыі прыступілі да споведзі. Падрыхтоўка была не толькі ўнутранай — моладзь дапамагала рыхтаваць нашую каплічку да такой важнай у іх жыцці падзеі. У суботу ўвечары мы разам са святарамі і сёстрамі ўдзельнічалі ў чуванні, падчас якога перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам мы маліліся, славілі Пана спевам і прыносілі абяцанне заставацца вернымі Хрысту праз усё жыццё.  

Мая падрыхтоўка адрознівалася ад падрыхтоўкі школьнай моладзі. Акрамя таго, што я наведвала катэхезы для моладзі ДМХ, якія для нас праводзіў кс. Уладзімір, я вывучала Катэхізіс і слухала катэхезы кс. Андрэя пра дары Духа Святога, якія я чакала прыняць падчас сакрамэнту. За два тыдні да прыняцця Канфірмацыі я захварэла, і гэты час хваробы дапамог мне асабіста ўсвядоміць, што з’яўляецца самым важным у жыцці — сустрэча з Богам у вечнасці. І гэта абудзіла ў мяне сапраўдную прагу прыняцця Канфірмацыі. Я зразумела, што, каб заставацца вернай Богу праз усё жыццё з усімі яго спакусамі і выклікамі, мне проста неабходныя дары Духа Святога… Хвала Пану, хвароба адступіла, і я з радасцю ўдзельнічала ў падрыхтоўцы ў апошнія дні перад сакрамэнтам. Самым яскравым момантам падрыхтоўкі стала для мяне прынясенне абяцання вернасці Езусу падчас чування, калі асабліва адчувалася важнасць той падзеі, да якой мы рыхтаваліся і якую так моцна чакалі…

І вось прыйшоў такі доўгачаканы дзень… У светлы — такі па-зімняму снежны! — асенні дзень у каплічцы сталі збірацца людзі. Сярод іх былі не толькі святочна апранутыя кандыдаты да Канфірмацыі і іх сведкі, але мамы і таты, браты і сёстры, бабулі і дзядулі і проста госці. У цёплай, утульнай сямейнай атмасферы, якая панавала ў святыні, няўлоўна лунала хваляванне, чаканне, поўнае захаплення, і, канешне, радасць. Перад распачаццем Святой Імшы прагучаў асаблівы спеў — гімн да Духа Святога, падчас якога адбылася працэсія, калі святары разам з Літургічнай Службай Алтара ўрачыста ўвайшлі ў капліцу.

На пачатку Святой Імшы парафіяне прывіталі ксяндза біскупа Юрыя Касабуцкага, які прыбыў да нас, каб узначаліць Святую Імшу і ўдзяліць маладым вернікам сакрамэнт Канфірмацыі. Акрамя ксяндза біскупа і трох нашых душпастыраў — кс. Андрэя, кс. Алега і кс. Уладзіміра — у гэты святочны дзень з намі быў прысутны таксама кс. Францішак з суседняй парафіі Маці Божай Будслаўскай на Каменнай горцы. Пробашч нашай парафіі кс. Андрэй гасцінна прывітаў усіх прысутных і папрасіў ксяндза біскупа ўзначаліць Святую Імшу і ўдзяліць сакрамэнт Канфірмацыі маладым парафіянам. Падчас Літургіі Слова прысутныя паслухалі ўрывак з Евангелля паводле св. Мацвея і ксёндз біскуп Юрый прамовіў гамілію, падчас якой ён адзначыў важнасць імкнення звяртаць асаблівую ўвагу не на свае патрэбы і жаданні, а на тое, як мы можам прынесці радасць і паслужыць тым, хто побач.

А далей распачалася частка Святой Імшы, калі ўдзяляецца сакрамэнт Канфірмацыі. Адбылося агульнае вызнанне веры, і на пытанне ксяндза біскупа кандыдаты адказалі, якіх ласкаў яны чакаюць ад Бога ў гэтым сакрамэнце. Пасля сімвалічнага ўскладання рук прысутнымі святарамі і адпаведнай малітвы маладыя кандыдаты разам са сваімі сведкамі адзін за адным сталі падыходзіць да алтара, перад якім гарэла сем чырвоных свечак як сімвал сямі дароў Духа Святога. Перад алтаром кандыдатаў сустракалі біскуп і святары. Адно за адным гучалі разнастайныя імёны — святых з усяго свету, як адзначыў ксёндз біскуп, — якія абралі сабе кандыдаты, і паўтараліся словы «Прымі знак Дару Духа Святога», калі ксёндз біскуп рабіў хрызмам знак крыжа на чале верніка і ўскладаў руку на яго. У гэты момант сведка трымаў сваю руку на правым плячы кандыдата. Адзін за адным падыходзілі да алтара маладыя людзі, дзе яны прымалі незнішчальны знак, пячаць Пана. Хутка падыйшла і мая чарга, калі і я стала перад алтаром. Першы раз я пачула ад святара сваё новае імя — Паўліна.

У той момант я не паспела пра гэта падумаць, але цяпер, пішучы гэты тэкст, я разумею, што тады я нарадзілася для новага жыцця, бо атрымала Дар Духа Святога. Усё адбылося ўрачыста, радасна і разам з тым імкліва, так што, толькі вярнуўшыся на сваё месца, я напоўніцу зразумела тую ласку, якая была мне ўдзелена. Падчас удзялення сакрамэнту хор адну за адной спяваў песні да Духа Святога, якія былі асабліва прыгожыя і кранальныя ў той момант. Ад гэтага ўсяго я не магла стрымаць слёз. Трохі супакоіўшыся, я ўбачыла такую радасць на тварах усіх прысутных, што прыйшла на месца слёз і ў маёй душы, і захацелася спяваць, наколькі было сіл, каб хваліць Пана за Яго любоў і дабрыню!

Калі надышоў час малітвы верных, мы асаблівым чынам маліліся за тых, хто ў гэты дзень прыняў сакрамэнт Канфірмацыі. Пасля гэтага распачалася працэсія дароў, падчас якой прынеслі да алтара крыж, Біблію, падпісаныя абяцанні вернасці Хрысту, кветкі, кадзіла, хлеб, ваду і віно. Падчас удзялення Святой Камуніі канфірмаваныя разам з усімі вернікамі прынялі Цела і Кроў Хрыста. Пасля радаснага спеву моладзь падзякавала ксяндзу біскупу Юрыю за ўдзяленне Канфірмацыі, а пасля вернікі павіншавалі нашых дарагіх святароў з іх патранальным святам — Урачыстасцю Хрыста, Валадара. Калі было ўдзеленае біскупскае благаслаўленне, усе канфірмаваныя былі запрошаныя для агульнага фотаздымка разам са святарамі, пасля чаго ўсе прысутныя сталі віншаваць адно аднаго і рабіць фота. У гэты час кожны канфірмаваны атрымліваў пасведчанне аб удзяленні сакрамэнту Канфірмацыі. Святую Імшу ўпрыгожыў спевамі моладзевы хор «Anima una», які дапамог стварыць урачыстую і радасную атмасферу на нашым свяце.

Хочацца падзяліцца тым, што кажуць іншыя асобы, якія таксама прынялі сакрамэнт Канфірмацыі.

Вось як апісвае гэтую падзею Ганна Капуста: «Прыняцце сакрамэнту Канфірмацыі — гэта вельмі важная падзея ў маім жыцці, да якой я рыхтавалася паўтара гады пад кіраўніцтвам с. Марыанны, за што ёй вельмі ўдзячная! Спачатку падрыхтоўка — падрыхтоўка да экзамена, выбар імя, пошук сведкі (сястра Фаўстына, дзякуй, што сталі маёй сведкай!), пасля экзамен, пасля зноў падрыхтоўка, але ўжо да Урачыстасці. І той самы момант настаў! На пачатку Імшы і падчас гаміліі я адчувала хваляванне і страх (я вельмі баялася пераблытаць словы, таму што прымала сакрамэнт самай першай), але, дзякуючы падтрымцы нашых айцоў і сясцёр, страх і хваляванне адступілі, і ў сэрца прыйшоў супакой. І той момант — я падыходжу да біскупа, і ён да мяне прамаўляе: “Максімільяна, прымі знак дару Духа Святога”. Я так доўга чакала гэтага! Я — Максімільяна! І на мяне сышоў Дух Святы!»

Таксама сваімі перажываннямі падзяліўся Багдан Сырыца: «Вельмі доўга рыхтаваўся да сакрамэнту Канфірмацыі — гэтая падрыхтоўка была больш духоўная, чым тэарэтычная. Вялікі дзякуй с. Марыанне, якая нас рыхтавала і праводзіла катэхезы. Дзякуй усім святарам, якія нам дапамагалі, спавядалі нас, вучылі нас сваім прыкладам. У сам дзень Канфірмацыі ў мяне была нейкая спешка, але пасля прыняцця сакрамэнту стала спакойна ў душы і на сэрцы. Для мяне сакрамэнт Канфірмацыі — гэта адказнасць за сваю веру. Уменне адстойваць сваю веру і Хрыста!»

Гэты радасны дзень запомніцца нам на ўсё жыццё, бо тады распачаўся шлях нашай сталай і свядомай веры і адданасці Пану!

Дзякуем нашым сем'ям, хросным бацькам, сведкам, супольнасці нашай парафіі і ўсім людзям, хто сваёй малітвай, дапамогай, падтрымкай і добрым прыкладам суправаджалі нас на шляху да сталай веры і адданасці Хрысту!

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.