Жыццё мае ўласцівасць бесперапынна змяняцца, набываць новыя формы. Таксама з ім змяняемся і мы, прызвычайваемся да новых абставінаў, прымаем “правілы гульні”, якія з цягам часу ўжо не здаюцца такімі дзіўнымі. У чымсьці гэта кранаецца і жыцця Касцёла: вернікаў ужо не здзівіш трыма пастэркамі і анлайн-трансляцыяй, а немагчымасць паставіць традыцыйнае батлейнае прадстаўленне або сустрэцца, каб паламацца аплаткам, успрымаецца ўжо спакайней, змушае шукаць новы, можа нават больш глыбокі спосаб перажыць гэтыя моманты ў вузкім коле родных і блізкіх.

У гэтым годзе ізноў было некалькі пастэрак, каб кожны мог выбраць для сябе зручны час і не баяцца натоўпу.

На першую пастэрку а восьмай гадзіне традыцыйна прыйшлі сем’і з малымі дзецьмі. Падобна пастушкам яны паспяшылі прывітаць нованароджанага Езуса.

«Раство для мяне — гэта клопат, бо заўсёды шмат падрыхтоўкі, — распавядае Яўгенія Сырыца, ўдзельніца парафіяльнага хору Effata, які аздабляў спевам наступную пастэрку, — таксама кожны год сваім абавязкам лічу ўпрыгожваць вокны нашай каплічцы выцінанкамі. Раство для мяне — гэта радасць, бо ў дзяцінстве не ведала пра яго, і толькі калі пасталела, спазнаўшы, стала радавацца, як дзіцё. І трэцяе — гэта адзінства. Бо, напрыклад, калі спяваем у хоры, то прыгожа атрымоўваецца толькі тады, калі спяваем, як адно».

 

«Кожны раз, калі дазваляеш, каб Бог палюбіў іншых праз цябе, кожны раз наступае Божае Нараджэнне», ўзгадаў словы святой маці Тэрэзы з Калькуты пробашч ксёндз Алег. Жадаем, каб нованароджаны Езус запальваў агонь сваёй любові ў вашых сэрцах, каб праз гэты дотык ласкі ў жыцці кожнага Божае Нараджэнне наступала як мага часцей.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.