
З 17 па 19 снежня праходзілі адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Дзмітрый Чупрын, вікарый парафіі св. Юзафа ў Маладзечна.
Адвэнтавыя рэкалекцыі — асаблівы час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Слова «рэкалекцыі» (лац. recollere) азначае «збіраць раскінутае». Падчас Адвэнту вернікі імкнуцца змяніць штосьці ў сваім жыцці і падрыхтаваць сэрца для Дзіцяткі Езуса; сёлетнія рэкалекцыі мелі дапамагчы ў разуменні ў якім напрамку дзейнічаць і ісці.
У першы дзень рэкалекцый кс. Дзмітрый у сваіх казаннях прапанаваў паразважаць над зместам нашай веры і формай, у якой яна праяўляецца.
У наступны дзень ксёндз-рэкалекцыяніст правеў шэраг канферэнцый: для дзяцей, моладзі, мужчын.
«Ксёндз пытаўся пра ворагаў. Я здзівілася і вырашыла сказаць, што яны ў мяне ёсць. Бо хацелася ўжо даўно, каб мае ворагі перасталі быць ворагамі», — кажа сямігадовая Барбара Рамановіч. — Таксама я даведалася, што ёсць святло ў нашай душы і яно дапамагае нам: святло сагравае сэрца і рапальвае нашу душу», — дадае дзяўчына.
Вайткевіч Антон падзяліўся сваімі думакамі пасля канферэнцыі з моладдзю: «З таго, што запомнілася і што прымусіла задумацца былі такія словы: „Ёсць праўда, няпраўда і напалову праўда, але гэта таксама няпраўда“. Мы часта спрабуем прадставіць нешта ў выгадным для нас свеце, але так, каб гэта не здавалася падманам. А насамрэч гэта ёсць ўводам у зман і скажэннем праўды. Трэба быць заўсёды сумленным».
«У канферэнцыі для мужчын мне вельмi спадабалiся разважанні пра святога Юзафа, пра тое, як мы, мужчыны і таты, павінны браць з яго прыклад, заўсёды знаходзіць час для сям'і і для Пана Бога. А яшчэ не баяцца новых пачынанняў», — распавёў Сяргей Трыпуць.
Галоўнай тэмай другога дня стала цнота надзеі. Чым з’яўляецца надзея для хрысціяніна, на чым грунтуецца, да чаго накіроўвае.


























Апошні дзень рэкалекцый кс. Дзмітрый разважаў над галоўнай і найбольш складанай з трох істотных цнотаў — любоўю.
Напрыканцы рэкалекцыяніст параўнаў цноты і заганы з паўфабрыкатам, які сам па сабе не прыдатны да ўжывання і павінен яшчэ гатавацца. «Што датычыць цнотаў і заганаў: гэта паўфабрыкат нашага характару, нашай асабовасці. Тут само па сабе нічога не працуе. Мы альбо прымаем, дастасоўваем і ажыццяўляем нашыя цноты праз нашу працу, наш высілак, альбо выкарыстоўваем заганы. І ў выніку маем альбо прынцып большай дасканаласці, адданасці і рэалізацыі нашай веры, альбо прынцып чалавека заганнага складу характару. З чым працуе мая „мікрахвалёўка“? Ці я гатую з веры, надзеі і любові?»
Відэазапіс анлайн-трансляцый



