Вялікая пятніца – гэта дзень, у якім наш збаўца Езус Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей.
Цэлебрацыю літургіі Мукі Пана ў нашай капліцы ўначаліў пробашч парафіі кс. Алег Шпець SChr. Спачатку святар паклаўся перад алтаром крыжам і пэўны час маліўся ў маўчанні. Затым, падобна як у Пальмовую нядзелю, чыталася па ралях Евангелле з апісаннем Мукі Хрыста.
Потым адбылася адарацыя святога Крыжа. Святар зняў тканіну, у якую быў захінуты крыж, тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету». Затым крыж ушанавалі па чарзе: святар, духоўныя асобы, Літургічная Служба Алтара і усе прысутныя вернікі.
Пасля святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе Ён застанецца да Пасхальнай Вігіліі ў Вялікую суботу.