27 снежня, у парафіяльную ўрачыстасць святога Яна Евангеліста, якая ў гэтым годзе супала са святам Святой Сям’і, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў нашу парафію і ўзначаліў адпустовую святую Імшу.

Парафія св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ — адна з першых, якую наведаў Мітрапаліт пасля вяртання на Радзіму з выгнання. «Ваша падтрымка, ваша малітва і салідарнасць былі вельмі патрэбныя. Я ведаў, што вы маліліся – я таксама маліўся. Межы раздзялілі нас, але духам, вераю, любоўю адно да аднаго, да нашага Касцёла, да нашай краіны мы былі аб’яднаныя», — гэтыя словы Мітрапаліта былі сустрэтыя працяглымі апладысментамі.

Падчас казання арцыпастыр нагадаў, што свята Божага Нараджэння не павінна быць проста ўспамінам таго, што адбылося 2020 гадоў таму, але нам трэба імкнуцца, каб нашыя сэрцы і нашыя душы сталі «Бэтлеемам XXI стагоддзя», дзе зможа пасяліцца нованароджаны Хрыстус.

Таксама Яго Эксцэленцыя адзначыў складаныя ўмовы, у якіх у гэтым годзе адзначаецца Божае Нараджэнне, а менавіта пандэмію каронавірусу і грамадска-палітычны крызіс у нашай краіне. Па словах арцыбіскупа корань многіх праблем знаходзіцца ў духоўнай сферы: «Якой іншай была б нашая краіна, калі б мы любілі адно аднаго, калі б захоўвалі Божы закон, калі б імкнуліся да справядлівасці, калі б не было гвалту, калі б мы ўмелі прабачаць адно аднаму».

Свята Святой Сям’і з’яўляецца асаблівым для кангрэгацыі сясцёр Святой сям’і з Назарэту, якія служаць у нашай парафіі. З гэтай нагоды сястра Мар’яна і сястра Агнешка ў прысутнасці Мітрапаліта Кандрусевіча аднавілі свае манаскія абяцанні.

Таксама адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, падчас якіх сужэнцы нанова абяцалі адно аднаму любоў, вернасць і пашану.

Па традыцыі ў свята святога Яна Евангеліста благаслаўляецца віно. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў гісторыю, як атручанае віно, якое падалі апосталу Яну, перастала быць небяспечным пасля яго малітвы. Іерарх заклікаў змагацца з «атручаным віном граху, ілжывых ідэалогій, сужэнскай нявернасці…», даверыўшыся Божай ласцы.

Напрыканцы святой Імшы ксёндз Алег ад імя ўсёй парафіі павіншаваў арцыбіскупа са святам Божага Нараджэння, а таксама з надыходзячым 75-гадовым юбілеем, які арцыбіскуп Тадэвуш будзе адзначаць у наступную нядзелю.

                                               

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.