Сёлета ўвесь свет перажывае прыйсце Езуса Хрыста ў надзвычайных умовах. Перыяд сустрэч з блізкімі і сябрамі стаў часам хвалявання за старэйшых асобаў, пэўных абмяжаванняў пры наведванні родных і пры традыцыйным ламанні святочнай аплаткай.
У нашай парафіі перадсвяточны час у мінулыя гады адзначаўся часам яднання ўсёй парафіі на аплаткавых сустрэчах. Але ў незвычайным 2020 годзе адбылася аплаткавая сустрэча толькі адной парафіяльнай групы.
20 снежня сабраліся ўдзельнікі Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам», каб выказаць адно аднаму словы віншавання з надыходзячымі Калядамі і паламацца аплаткай. Ксёндз Алег напачатку сустрэчы адзначыў, што яго асабліва цешыць сямейны дух, які адчуваецца падчас зборак ДМХ.
Акрамя прыемных словаў, калядны настрой на сустрэчы стваралі спевы, прысвечаныя хуткаму надыходу Пана, а таксама Бэтлеемскі агонь.
Падчас сёлетнега Адвэнту сярод моладзі паўстала такая ініцыятыва: маладыя людзі абменьваліся лістамі адно да аднаго. «Адзіныя» атрымоўвалі лісты з падзякамі, радаснымі супольнымі ўспамінамі, перапрашэннямі і віншаваннямі. «Дзяліцеся лістамі, не хуткімі паведамленнямі праз мэсэнджэры, але сапраўднымі лістамі, напісанымі рукой на паперы. Я так даўно не пісала лістоў. Але час Адвэнту мабілізаваў мяне», — дзеліцца з намі адна з удзельніц сустрэчы.
Аплаткавая сустрэча, арганізаваная душпастырамі, яшчэ больш дапамагла маладым падрыхтаваць сэрцы да прыйсця Пана.











































































