Вялікая Субота - асаблівы дзень цішыні ўсяго Касцела, дзень які мае падрыхтаваць нас да радасці Змёртвыхпаўстання. Няправільна было б яго прысвяціць выключна для таго, каб схадзіць у касцёл асвяціць стравы на Велікодны стол. Гэта таксама добрая нагода для асаблівай малітвы перад гробам Збаўцы.
Мы наведваем Гроб Пана і чуваем на малітве перад Езусам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта момант разважання, супакою і пакорнага светлага чакання Змёртвыхпаўстання нашага Пана.
Традыцыйна ў гэты дзень асвячаюцца стравы, якія будуць спажывацца падчас Велікоднага снедання.
А ўвечары, з надыходам цемры, адбываецца Пасхальная Вігілія - важнейшая цэлебрацыя ва ўсім Літургічным годзе. І хаця яна праходзіць у суботу, але адносіцца ўжо да нядзельнага святкавання. Справа ў тым, што па габрэйскай сімволіцы па змроку ўжо пачынаецца новы дзень. Адсюль у хрысціянскай традыцыі абходы вялікіх святаў пачынаюцца вечарам папярэдняга дня. Пасхальная Вігілія ўяўляе сабой пачатак радаснага святкавання Уваскрасення Езуса Хрыста. Яна з’яўляецца кульмінацыяй Пасхальнага Трыдууму.
Урачыстасць распачынаецца Літургіяй Святла, падчас якой адбываецца асвячэнне агню, запальванне Пасхалу і ўрачыстае ўнясенне яго ў святыню з трохкратным воклікам: “Святло Хрыста!”. Напрыканцы гэтай часткі спяваецца Exultet - найпрыгажэйшы спеў на хвалу Святла, якім з'яўляецца Езус Хрыстус.
Пазней распачынацца Літургія Слова. Звычайна ў гэты дзень чытаецца ажно 9 фрагментаў Святога Пісання.
Наступнай часткай урачыстасці з’яўляецца Літургія Хросту, падчас якой адбываецца асвячэнне вады і аднаўленне абяцанняў Хросту.
Пасля гэтага цэлебруецца Эўхарыстычная Літургія, якая з’яўляецца вялікай падзякай за муку, смерць і змёртвыхпаўстанне нашага Пана.
Заканчэннем Пасхальнай Вігіліі можа быць урачыстая рэзурэкцыйная працэсія. Але яна можа адбывацца і перад ранішняй нядзельнай Імшой. Як, дарэчы, і адбываецца ў нашай парафіі. Яна абвяшчае перамогу Езуса над смерцю. Нясе радасць і заклік да ўсяго стварэння абагаўляць Яго за ўсё, што для нас учыніў.
У гэтым годзе, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, усе набажэнствы Вялікай Суботы, апроч адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту пры Гробе Пана, адбываюцца на вуліцы, звонку капліцы.