У Вялікі чацвер Імшою Вячэры Пана пачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум. З самой назвы бачна, што ў гэтай літургічнай цэлебрацыі ўспамінаецца Апошняя Вячэра, падчас якой Хрыстус устанавіў Сакрамэнты Эўхарыстыі і Святарства, даючы вучням наказ аб братняй любові.

На кожнай Святой Імшы мы засяроджваемся на словах, якія чытае святар падчас кансэкрацыі хлеба і віна. «Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: „Бярыце і ешце, гэта Цела Маё“. І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: „Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў“» (Мц 26, 26-28).

Сёння мы ўзгадваем, як Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі падчас Вячэры са сваімі вучнямі, як апісваюць гэта евангелісты Мацвей, Марк і Лука. Калі Езус абмыў ногі апосталам, Ён выканаў працу простага слугі. Пасля, назваўшы іх сваімі сябрамі, Езус загадаў ім чыніць гэтаксама, паказваючы, што Эўхарыстыя напрамую звязанаю з любоўю і служэннем свайму бліжняму. Праз абмыванне ног любоў Езуса становіцца выразна бачнаю і натхняе нас дзейнічаць па Яго прыкладзе. Ці жадалі б вы, каб Езус абмыў вашыя ногі? Гэта можа здацца нязвыклым, гэта можа быць складана прыняць. Памятаем, што апостал Пётр таксама супраціўляўся прыняццю любові Хрыста, якая праяўлялася такім чынам.

                       

На Gloria звоняць званы, а пасля змаўкаюць аж да Пасхальнай вiгiлii.

Напрыканцы Літургіі адбываецца штосьці вельмі важнае, што звычайна людзі не заўважаюць. А менавіта, калі святары пойдуць у сакрыстыю, усё, што знаходзіцца на алтары, павінна быць прыбрана. Застанецца толькі пусты алтар, не прыкрыты нічым. Гэта важны сімвал, які паказвае, як узялі чалавека і здзерлі з яго шаты. Што і адбываецца насамрэч, бо Хрыстус менавіта пасля гэтай Літургіі ў Вялікі чацвер уваходзіць у стан поўнага прыніжэння. Вядома, што Яго ўцелаўленне ўжо было прыніжэннем, але менавіта з моманту апошняй Вячэры Ён нібы кажа: «Забірайце ўсё. Можаце ўзяць Мяне ўсяго». Ён сам дазваляе парваць сябе на часткі, дазваляе такое поўнае прыніжэнне, бо любіць… Вось яно, Хрыстовае святарства. Яно ў тым, што Езус дазваляе цалкам аддаць сябе людзям.

Таксама і табэрнакулюм застаецца ўжо адкрытым і пустым. Святар ідзе ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам да месца, якое сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім, і гэтак жа Ён запрашае і нас: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41).

Папа Бенедыкт ХVI у сваёй адгартацыі Sacramentum Caritatis напісаў: «Калі Эўхарыстыя сапраўды з’яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця і місіі Касцёла, то з гэтага перш за ўсё вынікае, што пунктам аднясення на шляху хрысціянскага ўтаямнічэння ёсць магчымасць прыступаць да гэтага сакрамэнту. Таму найсвяцейшая Эўхарыстыя вядзе да паўнаты хрысціянскага ўтаямнічэння і з’яўляецца цэнтрам і мэтай усяго сакрамэнтальнага жыцця.

Езус у вігілію сваёй смерці ўстанавіў Эўхарыстыю, а таксама святарства Новага Запавету. Ён з’яўляецца святаром, ахвярай і алтаром: пасрэднікам паміж Богам Айцом і народам (пар. Гбр 5, 5-10), які аддае самога сябе на алтары крыжа. Ніхто не можа сказаць „гэта цела маё“ і „гэта келіх крыві маёй“, калі не ў імя і ад асобы Хрыста. Унутраная сувязь паміж пасвячэннем і Эўхарыстыяй з’яўляецца бачнай па-сапраўднаму ў св. Імшы, якую ўзначальвае біскуп ці прэзбітэр у асобе Хрыста-Галавы. Святарства, як казаў св. Аўгустын, з’яўляецца amoris officium, абавязкам добрага пастыра, які ахвяруе жыццё за авечак (пар. Ян 10, 14-15)».

Узгадаем таксама сёння словы святога Яна Паўла ІІ, пятнаццатую гадавіну са дня смерці якога нядаўна ўспаміналі. У Вялікі чацвер Папа аднойчы разважаў над словамі прарока Ісаі, які кажа: «Намасціў мяне Гасподзь» (Іс 61, 1). Яны нагадваюць «перш за ўсё аб місіі Езуса, асвячонай моцай Святога Духа, які стаў Найвышэйшым і Вечным Святаром Новага Запавету, запячатаным Крывёю. Усе прароцтва старазапаветнага святарства выконваюцца ў Ім, адзіным і апошнім пасярэднікам паміж Богам і людзьмі».

Вялікі Папа заклікаў: «Давайце не спускаць вачэй са Збаўцы, які зрабіў нас Валадарствам – святарамі для Бога і Свайго Айца. Калі кожны ахрышчаны чалавек удзельнічае ў сваім каралеўскім і прароцкім святарстве, „каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Езуса Хрыста“ (1П 2, 5), тады святары пакліканы ўдзельнічаць у Яго ахвяры асаблівым чынам. Вось чаму сакрамэнт святарства – гэта сакрамэнт, дзякуючы якому місія, ускладзеная Настаўнікам на апосталаў, будзе выконваецца ў Касцёле аж да канца часоў; таму гэта сакрамэнт апостальскага служэння, якое здзяйсняецца біскупамі, святарамі і дыяканамі».

Папа нагадаў, што праз Вялікі чацвер святары сталі больш ўсведамляць унікальнасць служэння, якое засталося для нас. «Боскі Настаўнік сказаў нам святкаваць Яго Ахвярапрынашэнне ў Эўхарыстыі, заклікаючы нас рабіць як Ён». Па словах святога Яна Паўла II, адданага шанавальніка Эўхарыстыі, Вялікі чацвер — вялікі дзень для святароў. «У Вялікі чацвер Езус зрабіў нас кіраўнікамі сваёй таямнічай прысутнасці сярод людзей. Ён перадаў яго прабачэнне і міласэрнасць ў нашы рукі і назаўжды даў нам сваё святарства». Калісьці святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса сказала, што за кожны жэст святара падчас Святой Імшы гатовая аддаць жыццё. Варта было б і нам мець штосьці ад такой павагі. Не кажучы ўжо пра павагу, з якой мы павінны прымаць Найсвяцейшы Сакрамэнт і адараваць Яго ў сваім сэрцы. Людзі, не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту, які прыходзіць да нас праз Эўхарыстыю.

Кожны з нас так ці інакш сустракаецца з вялікім дарам святарства. Сёння асаблівым чынам дзякуем нашым святарам, праз якіх маем магчымасць карыстацца сакрамэнтамі, таксама дзякуем за ўсе намаганні, прыкладзеныя да развіцця нашай парафіі, за апеку над шматлікімі прафіяльнымі суполкамі і будаўніцтвам святыні. Праслаўляем Госпада за святароў, якія нясуць служэнне ў Касцёле і з’яўляюцца знакам Жывога Бога для ўсяго сусвету.

Ксёндз Алег і ксёндз Уладзімір, дзякуем Вам за яскравае сведчанне веры, за імкненне падтрымаць у кожнай сітуацыі, за няспынную малітву за ўсю парафію, за дзяленне ўласным досведам жыцця, за адкрытасць, лагоднасць, цярплівасць і прастату ў асабістых зносінах, за мудрыя настаўленні, за шчырыя ўсмешкі. «Памятаем пра Вас у сваіх малітвах, – абяцаюць парафіяне, – а таксама за Вашыя сем’і, дзе нараджалася і ўзрастала Вашае пакліканне. Даручаем Вас апецы святога Папы Яна Паўла ІІ, узору вернасці свайму пакліканню да апошняга ўздыху».

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.