23 лютага сапраўднае свята перажывалі хлопцы Літургічнай Службы Алтара (ЛСА) нашай парафіі: 10 кандыдатаў сталі міністрантамі, 13 юнакоў былі ўведзены ў паслугу лектараў, чацвёра лектараў перайшлі на наступную прыступку іерархіі, атрымаўшы залатыя крыжы, і яшчэ 10 хлопцаў сталі кандыдатамі ў міністранты. Астатнія аднавілі міністранцкія абяцанні.
«Міністрант — гэта юнак, які служыць пры алтары, — тлумачыць кс. Уладзімір Марушэўскі, апякун Літургічнай Службы Алтара, — Назва „міністрант“ паходзіць ад лацінскага слова ministrarе, што азначае „служыць“. Менавіта служба Езусу Хрысту з’яўляецца фундаментам усёй міністранцкай паслугі».
Момант прыняцця ў міністранты для кожнага доўгачаканы і вельмі важны, бо з гэтага часу пачынаецца новы этап з новымі абавязкамі. Быць міністрантам — вялікая адказнасць і гонар.
Да гэтай падзеі хлопцы доўга і інтэнсіўна рыхтаваліся, таксама здавалі экзамен, які складаўся з некалькіх этапаў. «Падрыхтоўка ідзе на працягу ўсяго фармацыйнага года, адбываецца ў першую чаргу падчас зборак, дзе хлопцы пазнаюць Літургію, служэнне, а таксама асаблівасці і шматлікія літургічныя прадметы», — дадае ксёндз Уладзімір.
Увесь дзень напярэдадні адбываліся рэпетыцыі цырымоній. У нядзелю падчас святой Імшы 10 кандыдатаў склалі ўрачыстыя абяцанні: «Дзякуючы Пану Езусу за ласку міністранцкага паклікання, абяцаю выконваць міністранцкую паслугу пабожна, старанна і радасна, на хвалу Божую і дзеля дабра парафіяльнай супольнасці». Пробашч парафіі ксёндз Алег нагадаў хлопцам, што «гэта толькі пачатак, яшчэ ёсць куды імкнуцца». Пасля новыя міністранты мелі гонар упершыню надзець комжы.
Вялікай радасцю з'яўляецца ўзрастанне ў сваім служэнні. 13 старэйшых міністрантаў былі ўведзены ў паслугу лектараў.
«У міністрантаў ёсць розныя паслугі: міністрант кадзіла называецца турыферарый, ёсць міністрант званкоў, міністрант алтара. Міністрант Божага Слова — гэта лектар, — распавядае кс. Уладзімір, — лектар мае асаблівае значэнне, бо ён абвяшчае Божае слова падчас Літургічнага Сходу. Гэта вельмі адказнае заданне, таму ў нашай парафіі асаблівая падрыхтоўка да гэтай паслугі. Лектары адрозніваюцца нават літургічным адзеннем».
Ужо тры гады ў нашай парафіі не было ўстанаўлення новых лектараў, таму сёння ўся супольнасць перажывае сапраўднае свята.
Марцін Палінеўскі, старэйшы з трох братоў, якія ўсе сёння перайшлі ў лектары, кажа: «Для мяне вялікі гонар служыць Пану пры алтары, дапамагаць святару ў правядзенні Літургіі, таксама цудоўная магчымасць знаходзіцца каля алтара і настолькі блізка і ў дэталях бачыць Эўхарыстыю. Што датычыцца лектарату, для мяне гэта вялікая адказнасць несці Божае слова людзям, бо менавіта ад таго, як чытае лектар, залежыць тое, як людзі ўспрымаюць словы, напісаныя ў Бібліі».
Старэйшыя хлопцы сёння аднавілі абяцанні лектараў. Чатыры лектары пасля атэстацыі мелі гонар атрымаць залатыя крыжы з рук пробашча. Гэтыя старэйшыя хлопцы, сапраўды, добры прыклад для ўсіх членаў ЛСА. Каб ісці за Богам, патрэбна адвага, якую бачна ў нашых лектарах.
Уладзімір Лукомскі дзеліцца ўражаннямі: «Вельмі рады, што стаў „залатым“ лектарам, цяпер з'явяцца новыя абавязкі, якія мне ўжо вельмі падабаюцца. Для мяне гэта новая прыступка ў служэнні, магчымасць быць так блізка каля алтара, гэта вельмі класна. Мая мэта стаць цырымонімайстрам. Дзякую нашым ксяндзам за магчымасць развівацца ў сваім служэнні Богу і людзям».
Святы Дамінік Савіо, апякун міністрантаў, які напэўна сёння радаваўся ў Нябёсах, у 8-гадовым узросце запісаў: «Буду часта спавядацца і прымаць святую Камунію; маімі сябрамі будуць Езус і Марыя; смерць можа быць, але грэх — не». І яшчэ ён напісаў, што святасць у зямным жыцці засноўваецца на тым, каб быць заўсёды радасным і пільна выконваць свае абавязкі. Многія святыя і благаслаўлёныя былі міністрантамі. Таму нашыя хлопцы, каб дасягнуць святасці, таксама выбіраюць такую паслугу.
Сёння мелі гонар упершыню надзець стужкі кандыдатаў у міністранты 10 хлопцаў. Белы колер стужак будзе нагадваць ім пра чысціню душы, якая неабходна для жыцця вечнага. Гэтыя хлопцы толькі распачынаюць шлях трывання літаральна побач з Богам.
Наша ЛСА расце і пашыраецца. Зараз у нашай парафіі налічваецца 19 лектараў (13 малодшых з сярэбраным крыжам і 6 старэйшых з залатым крыжам), 19 міністрантаў і 14 кандыдатаў.
«Для нас, душпастыраў, ЛСА займае асабліва важнае значэнне і думаю, што ўся парафія можа ганарыцца Літургічнай Службай Аалтара, якая ў нас ёсць», — падкрэслівае кс. Уладзімір.
Сённяшнія падзеі — гэта відавочны знак для нас, вернікаў. Знак таго, што ў сэрцах сучасных маладых беларусаў жыве Сапраўдны Бог. Маем надзею, што гэтыя дзеці і моладзь на працягу ўсяго жыцця будуць адважна крочыць за Езусам.