У нядзелю 1 верасня на кожнай Святой Імшы святары асаблівым чынам віталі дзяцей, сясцёр, катэхетаў, настаўнікаў і ўсіх людзей, якія прычыняюцца да фармацыі будучыні нашага Касцёла.
Надвор’е сонечнае, чуваць рогат дзяцей. Ужо за паўгадзіны да пачатку Святой Імшы каля капліцы пачалі збірацца людзі. Навокал можна было заўважыць людзей у форме. Хто гэта? Дзе яны служаць? Гэта каталіцкія скаўты і скаўткі. Але скаўтынг — гэта не толькі служэнне Богу, людзям і навакольнаму свету, але гэта фармацыя і асаблівы стыль выхавання дзяцей і моладзі. З дапамогай гэтага руху маладое пакаленне ўзрастае ў веры, фарміруе характар, сілу волі і ўмацоўвае здароўе. Як засведчыў св. Ян Павел ІІ: «Скаўтынг вучыць маладых людзей гонару, маралі і такім чынам вядзе іх да Бога».
Важным момантам узрастання ў духу Бадэн-Паўэла з’яўляецца пераход з жоўтай (Ваўчаняты і Божыя Кароўкі) галіны да зялёнай (Скаўты і Скаўткі). І вось мы сталі сведкамі гэтай радаснай падзеі ў нашай парафіі. 1 верасня тры Божыя Кароўкі вылецелі да скаўтак. На ўрачыстую цырымонію ўступлення на новы этап фармацыі прыбылі бацькі і родныя дзяўчын. Сафія Рудоміна, Марыя і Марта Маісеевы аднавілі свае абяцанні і спалілі кветкі, якія сталі часткай цырымоніі. Пад гучны спеў «Радасць даў мне Пан, я цешуся, бо радасць даў мне Пан» дзеці склалі свае галаўныя ўборы, якія былі адметнай рысай для Божых Каровак, і падыйшлі да звязовай Ані, якая ўрачыста апранула на іх цёмна-сінія берэты.
Марта Маісеева шчыра ўсміхаецца, а Марыя дзеліцца з намі: «Сёння для мяне важны дзень. Адчуваю сябе шчаслівай. Тры гады я была Божай Кароўкай, атрымала адну нашыўку за спраўнасць. Але зараз я хачу заслужыць больш, мне здаецца, што ў маім кап’і ў меня гэта атрымаецца».
Мама сясцёр, якія перайшлі ў скаўткі, Ганна Маісеева дадае: «Скаўтынг дапамагае дзяўчынам, я гэта заўважаю. Падчас фармацыі яны сталі лягчэй пераносіць цяжкасці. Дома яны ўпартыя, але там, сярод старэйшых дзяўчын, Марта і Маша вучацца не спрачацца. Ім даецца гэта цяжка, але праз цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, яны ўзрастаюць. Я бачу, што яны становяцца дарослымі. Яны ўжо не малышы. Момант іх перахода быў кранальны. Гэта як адна з тых падзей, якія застануцца ў маім сэрцы назаўсёды. Як заканчэнне школы ці шлюб. Я шчасліва. Я вельмі ганаруся дочкамі!».
З радасным настроем у сэрцы кожнага распачалася Святая Імша на свежым паветры каля капліцы. Падчас Літургіі ўсе вернікі дзякавалі Богу за лета, час адпачынку, асабліва за парафіяльныя выезды і летнікі. У Дзень ведаў асаблівай малітвай агарнулі дзяцей, настаўнікаў і катэхетаў.
Папа Францішак яшчэ падчас Імшы, прысвечанай яго ўзвядзенню на папскі прастол, падкрэсліў, што трэба асаблівую ўвагу надаваць дзецям: «Давайце будзем з любоўю абараняць тое, каго даў нам Пан Бог».
На гэтай прыгожай Літургіі мы яшчэ раз успомнілі тое, пра што даведаліся падчас Кінаканікулаў, падсумавалі тыдзень, які мы праводзілі разам. Падчас казання ксёндз Уладзімір узгадаў фільм «Кароль Леў». Мы разважалі над адказнасцю, якой вучыў Муфаса свайго сына — Сімбу, над тым, як у гэтым фільме паказана, што трэба вучыцца прабачаць. Узніклі пытанні: як узрастаць у пакоры, як не лічыць сябе вышэй за іншых? Ксёндз Уладзімір заклікаў усіх верна выконваць тое, што патрэбна — у школе, дома, а таксама не занядбоўваць абавязкамі міністрантаў і скаўтаў. «Але на першым месцы заўсёды павінен стаяць Пан Бог».
Тут узгадалася пяцігадовая дзяўчына, сведкамі адказа якой сталі шматлікія ўдзельнікі Канікулаў з Богам. У яе запыталі «Хто такі Бог?», а яна адказала: «Бог — гэта найлепшы Тата, а Марыя — мая найлепшая Маці». Бацькі гэтай дзяўчыны мелі вялікую адвагу, бо растлумачылі сваёй маленькай дачцы, што не яны найлепшыя, але Пан Бог і Марыя. Напрыканцы казання зноў гучала думка пра тое, як важна быць на месцы, якое падрыхтаваў для нас Бог.
Кансэнрацыя. Адзін з важнейшых момантаў Святой Імшы. Пасля Кінаканікулаў, падчас якіх дзеці паглыблялі свае веды пра Эўхарыстыю, яны ведаюць гэта. Поўная цішыня. Дзесьці пяюць птушкі, чуваць, як дзьме вецер і як б’ецца сэрца.
Разам мы перажылі радасць спаткання з Езусам.
Благаслаўленне дзяцей на новы навучальны год. І любімы момант дзяцей — асвячэнне школьных прыладаў. Сястра Агнешка распавядае: «Год пачынаецца вельмі важным момантам — св. Імшой. Для дзетак важна, што яны прымаюць благаслаўленне, праз якое атрымліваюць Божыя Ласкі. Добра, што дзеці прыносяць прылады каб іх асвяціць, гэта значыць, што школьны год яны хочуць даверыць Пану Богу».
Бацькі рыхтуюць салодкі стол, а дзеці ўжо пачалі традыцыйную на пачатак фармацыйнага года Вялікую Гульню. У гэтым годзе за гэта адказныя скаўты і скаўткі. Таму старэйшыя дзеці і моладзь падзелены на дзве каманды. Ім трэба паспець перабегчы з аднаго бока да другога па камандзе шэфа. Малодшыя дзяўчыны вучацца падтрымліваць і давяраць адна адной. Яны камандай ходзяць паравозам з заплюшчанымі вачыма. Тут сапраўды чуваць камандны дух. А малодшыя хлопцы гуляюць у рыбакоў. Можа ўжо вучацца быць лаўцамі людзей?
Сястра Агнешка дадае: «Гульні, салодкі стол дапамагаюць дзецям пазнаць адно аднаго, зацікавіцца тым, што адбываецца ў парафіі, прыняць рашэнне рэгулярна хадзіць на катэхезы. Дзеці становяцца часткай згуртаванай каманды. У нашай парафіі адчуваецца сямейны дух, дух адзінства. Я не магу не адзначыць прыклад, які даюць бацькі сваім дзецям. Прыклад жыцця з Богам і служэння ў парафіі — гэта тое, што заўважае кожны, дзецям гэта вельмі патрэбна».
Лілія Каплун, маці дваіх дзяцей, якая сёння дапамагае пачаставаць усіх дзяцей блінамі і напоямі, кажа: «Мае дзеці таксама як і я шмат чаго пазнаём, хаця я сама расла ў касцёле, зараз разумею, што яшчэ шмат чаго не адкрыла. Дзеці з радасцю прыходзяць не толькі на святы, але на кожную катэхезу. Мы рады, што ў парафіі заўсёды нешта адбываецца, мы гатовы далучацца да гэтых падзей. Служэнне мне прыносіць вялікае задавальненне, бо парафія — гэта мой дом».
Пасля гульняў дзеці збіраюцца ўсе разам і ідуць у капліцу, каб глядзець відэа пра тое, як прайшло лета ў нашай парафіі. Ксёндз пробашч Алег кажа: «Праз гэты момант можна ўбачыць працу аніматараў і ўсіх, хто ўкладаў свае намаганні, час і любоў у дзетак. Дзецям важна ўбачыць сябе на відэа. Тады яны зразумеюць, як шмат часу на канікулах праводзілі ў Касцёле. Будуць дзеці, якія адчуюць, што маглі б зрабіць больш, паехаць яшчэ куды-небудзь. Для іх гэта стымул на наступны год. Дзякуючы гэтаму відэа, якое ўжо стало добрай традыцыяй у нашай парафіі, людзі бачаць, што быць католікам — гэта не толькі хадзіць на Імшу, маліцца і слухаць катэхезы, але мы ўмеем весяліцца, удзельнічаць у забавах, ствараць свята. Мы паказваем усяму свету радаснае хрысціянства».
Нясуць басан, гучыць рог, берэты апранаюцца на галаву! Што адбываецца? Скаўты ізноў збіраюцца каля капліцы. На гэты раз, каб прыняць у свае рады Уладзіслава Шаўструка. Чуваць моцны заклік : «Ваўчаняты, ваўчаняты!» Хтосьці першы раз чуе гэта. Бо ёсць хлопцы, якія далучыліся да FSE толькі зараз. Але Улад ужо 3 гады быў у ваўчаняцкай зграі, а зараз дасягнуў 12 год і ўжо будзе скаўтам. «Напагатове!» — адказвае ён.
Людзі ўжо разыходзяцца. Але ў скаўтаў яшчэ адбываецца Ганаровы Суд. Не. Тут нікога не асуджаюць. Тут звязовы Павел, душпастыры і кап'явыя абмяркоўваюць планы. Узгадняецца агульны план на год і дэтальны на 2 месяцы. У тым ліку размаўляюць пра асеннік, у якім ужо хутка будуць прымаць удзел скаўты нашай парафіі.