Вялікая пятніца –  гэта дзень, у якім наш збаўца Езус Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей.

У Вялікую пятніцу вернікаў абавязвае сціслы пост. У гэты дзень, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя споведзі і намашчэння хворых.

Цэлебрацыю літургіі Мукі Пана ў нашай капліцы ўначаліў пробашч парафіі кс. Алег Шпець SChr. Спачатку святар паклаўся перад алтаром крыжам і пэўны час маліўся ў маўчанні. Затым, падобна як у Пальмовую нядзелю, чыталася па ралях Евангелле з апісаннем Мукі Хрыста.

У слове, скіраным да прысутных, кс. Алег прапанаваў паразважаць над тэмай крыжа ў нашым жыцці, — «Сёння хочам углядацца ў Хрыстовы Крыж, які для нас, хрысціянаў, стаў асаблівым знакам. Зараз у цэнтральнай часцы Літургіі Касцёл яшчэ раз укажа на гэты Крыж каб мы задалі сабе пытанні: што ён для мяне азначае сёння, якое месца ў маім жыцці займае крыж, што гэта за знак для мяне асабіста? Бо ў гэтых адказах будзе і адказ на пытанне кім для мяне ёсць Бог».

Потым адбылася адарацыя святога Крыжа. Святар зняў тканіну, у якую быў захінуты крыж, тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету». Затым крыж ушанавалі па чарзе: святар, духоўныя асобы, Літургічная Служба Алтара і усе прысутныя вернікі.

Пасля святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе Ён застанецца да Пасхальнай Вігіліі ў Вялікую суботу.