
У ноч з 30 на 31 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло велікапоснае моладзевае чуванне на тэму: «Грэх знявольвае, крыж вызваляе». У гэтым чуванні актыўны ўдзел прыняла моладзь нашай парафіі.
Усяночная малітва распачалася са Святой Літургіі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
На пачатку Святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які зараз знаходзіцца на лячэнні за мяжой, праз сучасныя сродкі камунікацыі звярнуўся да моладзі з прывітальным словам і ўдзяліў ёй сваё благаслаўленне.
Падчас казання біскуп Юрый заклікаў моладзь да пакаяння. Таксама падкрэсліў, што сучасны чалавек павінен супраціўляцца граху і не паддавацца злому духу, які прагне ўвесці ў жыццё без Бога.






















Пасля Святой Імшы моладзь нашай парафіі праводзіла Крыжовы шлях, які падрыхравала пад кіраўніцтвам нашых сясцёр назарэтанак і падтрымцы святароў.
Крыжовы шлях быў прадстаўлены ў двух паралельных сцэнах. На першай былі паказаны дзеянні маладых людзей, якія жывуць у граху і закрытыя на Бога. Гэта было бачна па іх стылю жыцця і па тых рашэннях і ўчынках, што яны рабілі. На другой сцэне ў форме «тэатра ценяў» былі прадстаўлены стацыі Крыжовага шляха.
Пасля кожнага каментарыя стацыі і малітвы, прысутныя маглі ў цішыні разважаць над цярпеннямі Езуса і задумацца над сваім уласным жыццем.










































































«Крыжовы шлях — гэта дарога любові, якую паказаў нам Езус, Ён надаў сэнс кожнаму цярпенню ў нашым жыцці. Я маю надзею, што нашае “прадстаўленне” дакранулася да сэрцаў многіх і пабудзіла іх да адновы жыцця», — дзеліцца Паліна Маісеева, адна з акцёраў Крыжовага шляху.
«Я ўжо больш пяці гадоў прыязджаю на чуванне моладзі, — дадае Паліна Івашкевіч, удзельнік моладзевага чування, — для мяне гэта важны час, каб яшчэ раз успомніць пра тое, што ідзе пост, прааналізаваць, як змянілася маё жыццё з прыходам маіх пастаноў. Можа быць яшчэ адзін шанец стаць на дарогу жыцця з Хрыстом».



