У гэтым годзе 6 сакавіка — Папяльцовая серада, дзень з якога распачынаецца Вялікі пост — перыяд асаблівага пакаяння і аднаўлення жыцця.

У Папяльцовую сераду адбываецца абрад пасыпання галоў вернiкаў попелам, які з’яўляецца знакам жалобы і выражае смутак чалавека, што спазнаў няшчасце. Таксама святар, здзяйсняючы гэты абрад, прамаўляе: «Памятай, ты прах i прахам станеш» або «Навяртайцеся i верце ў Евангелле».

У Папяльцовую сераду абавязковым з’яўляецца сціслы пост (сціслы пост у Каталіцкім Касцёле абавязковы два дні ў годзе: у Вялікую пятніцу і ў Папяльцовую сераду), які заключаецца не толькі ва ўстрыманні ад мясных страваў, але і ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

На працягу Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах і ўзяць сабе пастанову на гэты перяд.

У Папяльцовую сераду расклад Імшаў будзе наступным: 7:00, 12:00 і а 19:00.

На працягу Вялікага посту будуць адбывацца наступныя пакутныя набажэнствы:

  • Песні  жальбы — нядзеля перад Св. Імшой на 12.00 (у 11.45).
  • Крыжовы шлях — у пятніцу а 11:00 і а 19:00 (транслюецца анлайн)
    Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху  а 11.00.

Наталля Урбановіч
Фота: Віталій Палінеўскі, Паліна Маісеева