У ноч з 15 на 16 снежня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло моладзевае чуванне, у якім прыняла актыўны ўдзел наша моладзь.

Душпастырства Моладзі Хрыста “Адзіныя сэрцам” (менавіта такая назва ад нядаўна аб’ядноўвае супольнасць студэнцкай і працуючай моладзі нашай парафіі), было адказнае за працэсію з дарамі падчас Святой Імшы. Маладыя людзі ахвяравалі зялёныя галінкі, белае адзенне, чырвонае сэрца, сінія кеды, ваду, віно і хлеб.

Кожны дар меў сімвалічны колер. Напрыклад, чырвонае сэрца было сімвалам раскаяння і крывавай ахвяры Езуса, а кеды колеру неба і вады сталіся сімвалам актыўнасці сучаснай моладзі.

Пасля Святой Літургіі ўсіх чакала ламанне аплаткай, калі ўдзельнікі чування выказалі шчырыя пажаданні адзін аднаму і павіншавалі з надыходзячым святам.

Незвычайнай часткай праграмы стала прынясенне «дароў» ад парафій. Моладзь Хрыста прадставіла карабель пад назвай “Парафія cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Mарыя Кольбэ ў г. Мінску”, які ўвасабляў супольнасць супольнасцей. “Калі паглядзець на борт, то можна пабачыць сцягі з назвамі дзвюх манаскіх ордэнаў: ксяндзы хрыстусоўцы - нашыя душпастыры, і сёстры назарэтанкі, якія нясуць служэнне ў парафіі” - распавялі прадстаўнікі парафіі падчас сваёй прэзентацыі.

На ветразях карабля можна было заўважыць назвы парафіяльных груп: Біблійныя сустрэчы, Жывы Ружанец, Caritas, Федэрацыя Скаўтаў Еўропы, Літургічная Служба Алтара, ДМХ “Адзіныя сэрцам”, Суполкі Маці Божай ЭНД, дзіцячы хор “Божыя ягняткі”, моладзевы - "Agape", хор Моладзі Хрыста “Anima una” і парафіяльны хор “Effata”, Апостальства дапамогі душам чысцовым.

Напрыканцы моладзь падзякавала Пану Богу за карабель жывой веры, на якім кожны можа знайсці сваё месца.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.