У перадкалядны перыяд у нашай парафіі традыцыйна адбыліся Аплаткавыя сустрэчы ў супольнасцяў. Сваімі перажываннямі падзяліліся удзельнікі сустрэчаў.
«Кожная аплаткавая сустрэча запамінаецца мне цеплынёй і радасцю моманту. Туды можна прыйсці з якім заўгодна настроем, але выходжу я адтуль заўсёды з радасцю і ўдзячнасцю — за людзей, за час, за магчымасць быць там, — дзеліцца Ангеліна Капуста. — Гэта такі добры і ўтульны вечар, калі можна сказаць бліжняму тое, на што часам не хапае часу або нават смеласці. Хвала Пану за гэты час!»
























«Аплаткавая сустрэча была вельмі бадзёрай і ўтульнай, — дзеліцца Ігар Клянцэвіч. — Падобныя сустрэчы спрыяюць аднаўленню духу і дапамагаюць убачыць самога сябе з іншага боку. Мне сумна, што не ўсе людзі ўсведамляюць плённасць такіх сустрэч, але я ведаю, што для мяне яны маюць вялікае значэнне».
































«Наша сям’я з радасцю прыняла запрашэнне на аплаткавую сустрэчу — кожны ў сваёй супольнасці. Аліна дзялілася аплаткам з Божымі кароўкамі і Божымі ягняткамі, Данік — са скаўтамі і хорам Agape, Артур — са скаўтамі, а Каця — з Жаночым клубам і Апостальствам дапамогі душам чыстцовым. Гэта быў насычаны дзень, поўны ціхай радасці і шчырых пажаданняў. Дзякуем нашым святарам, сёстрам і ўсім парафіянам за дабрыню, цеплыню і шчырую прысутнасць у жыцці нашай сям'і!», — кажа сям'я Ваяводскіх.














«Аплаткавыя сустрэчы — гэта вельмі важны час для мяне, — распавядае с. Даніэля Рагацэвіч CSFN. — Атмасфера цеплыні, шчырасці, добрых слоў напаўняе сэрца вялікай любоўю і ўдзячнасцю Пану Богу. Падчас сустрэч мы дзякавалі бліжнім за тое, што мы ёсць у жыцці адно аднаго, і за адкрытае сэрца, гатовае служыць. Вельмі прыемна было чуць ад дзяцей словы ўдзячнасці за прысутнасць у іх жыцці і за супольнае ўзрастанне ў веры падчас катэхезы».

























