
У нядзелю 19 студзеня адбыўся восьмы парафіяльны Баль Усіх Святых. «Надзея нас не падвядзе і да Неба давядзе», — так гучала тэма Балю ў гэтым годзе.
Ад другой гадзіны дня дольны касцёл Маці Божай Будслаўскай збіраў святых і анёлаў, якія старанна падрыхтавалі свае касцюмы. На месцы рэгістрацыі іх сустрэў ксёндз Уладзімір, які прымераў вобраз заступніка нашай парафіі — святога Яна Евангеліста, і дапаможныя са старэйшай касцёльнай моладзі, якія падпісвалі бэйджыкі святым. Некаторыя з удзельнікаў падзяліліся сваёй творчасцю, прынёсшы малюнкі на конкурс, тэма якога адпавядала агульнай тэме Балю — «Надзея ў маім жыцці».


































































Імпрэза пачалася цудоўнай сцэнкай у выкананні дзяцей і моладзі нашай парафіі, якую яны падрыхтавалі пад кіраўніцтвам нашых законных сясцёр. Глыбіня тэм і прыгожае выкананне моцна ўразілі гледачоў, і супольнае спяванне калядак пасля настроіла ўдзельнікаў на святочны лад.
А ў дольным касцёле гасцей ужо чакаў пачастунак, які зладзілі бацькі маленькіх святых. Пакуль адбывалася падсілкаванне, ксёндз Андрэй (які ў гэтым годзе абраў касцюм свайго святога цёзкі) пагутарыў з удзельнікамі Балю, якія распавядалі пра свае вобразы і жыццё выбраных імі святых. Пасля ўдзельнікі сабраліся, каб зноўку заспяваць, але зладзілі гэта незвычайным чынам: пад кіраўніцтвам ксяндза "анёла Юзіка" Алега паветра запоўніла гучнае «мяў-мяў», «ква-ква» і «му-му», перакладзенае на калядныя матывы. Неўзабаве спевы змяніліся танцамі, і ўдзельнікаў таксама чакаў невялікі сюрпрыз. Кожны атрымаў святочную СМС-ку — Божае Слова, якое расказвала пра надзею, і цукерку.






























Пасля ўжо традыцыйнага спаборніцтва снежкамі святыя прынялі ўдзел у цырымоніі ўзнагароджвання ўдзельнікаў конкурсу малюнкаў. Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом і падарунак, а потым распачалася самая любімая частка кожнага Балю — латарэйка. Напружанне выцесніла паветра, а радасць тых, хто пачуў свой нумар пасля аб’яўлення прыза, была вялікай і гучнай. Але ніхто з удзельнікаў не адыйшоў без падарункаў: кожнаму быў дадзены пачастунак і флікер з сімвалам Юбілейнага года хрысціянства — Пілігрымамі надзеі. Свята скончылася супольным фотаздымкам — яго і іншыя фота- і відэаматэрыялы вы можаце паглядзець па спасылцы ніжэй!
Больш фотаздымкаў можна знайсці тут.



