Фота Паліны Ручан

Першага мая адбыўся выезд нашых парафіянаў у Нацыянальны санктуарый, што ў Будславе. У гэты дзень сабраліся прадстаўнікі розных рухаў і супольнасцяў, каб разам маліцца, узаемна прэзентаваць рухі і ўзмацніцца ў веры.

Большасць парафіянаў ехала аўтобусамі. Выязджалі зранку — а 8 гадзіне. Для некаторых парафіянаў сам шлях да Будслава — гэта ўжо важная падзея, бо Будслаў — гэта не толькі санктуарый, але яшчэ і ўспаміны з пешай пілігрымкі.
Пасля прыбыцця ў Будслаў можна было ўбачыць, як людзі з розных парафій і рухаў сустракаюць сяброў і знаёмых, шчыра радуюцца адно аднаму. «‎Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).


Амаль адразу пачалася прэзентацыя розных рухаў і супольнасцяў — шмат з гэтых рухаў прадстаўлены ў нашай парафіі: Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Equipes Notre-Dame, асацыяцыя Святой Сям’і з Назарэта, Каталіцкія скаўты і скаўткі, Маці ў Малітве, Рух у абарону жыцця і іншыя. Біскуп Юрый Касабуцкі пасля прагляду прэзентацыі падкрэсліў: вельмі добра, што ёсць столькі рухаў і кожны вернік можа выбраць тое месца, дзе ён здольны рэалізоўваць сваё служэнне.

І, канешне, месяц май прысвечаны Панне Марыі. Таму пасля прэзентацыі рухаў распачаўся сумесны Ружанец і Ларэтанская літанія. Асабліва шчымлівымі гэтыя малітвы былі пад позіркам любячай Маці Божай Будслаўскай.

Пасля Святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, распачаўся супольны пасілак. Парафіяне з ахвотай елі суп, гарачае і ласаваліся салодкімі пачастункамі. Дзень выдаўся сонечны, таму таксама прыгоднымі былі вада і квас. У гэты час дзеці парафіі спявалі і гралі на музычных інструментах, што дапамагала адчуваць еднасць і радасць. Напрыканцы пачастунку было зроблена супольнае фота, а святары падзякавалі людзям, якія дапамаглі з прыгатаваннем ежы, — асабліва парафіянам Чырвонага касцёла.

Па плане сустрэчы мы рухаліся хутка, таму вярнуліся ў касцёл да канферэнцыі «‎Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі», якую падрыхтаваў а. Андрэй Авен OCD. Усе прыбылыя дзеці пайшлі гуляць, бо для іх сіламі скаўтаў і скаўтак была арганізавана асаблівая праграма.

Скаўткі з дзецьмі падрыхтавалі сэрца з ружаў, якое стала сымбалем таго, што нашыя сэрцы хочуць біцца ў рытм Сэрца Езуса.

Пасля канферэнцыі дзеці далучыліся да дарослых, і пачалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Супольна мы маліліся Вяночак да Божай Мiласэрнасці. А кс. біскуп Юрый даручыў прысутныя касцёльныя рухі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Нашыя парафіяне прынялі актыўны ўдзел у малітоўнай сустрэчы — напрыклад, неслі служэнне дзецям і пры алтары. На працягу ўсяго дня сваімі талентамі служыў наш парафіяльны хор Effata.

Усе фота ад Мікалая Новікава даступны па спасылцы, фатаграфіі Таццяны Мазун тут.

Тэкст: Арцём Плаксін

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.