6 снежня на трэцяй у гэтым літургічным годзе Раратняй Імшы сабралося шмат людзей. Чакалі незвычайнага госця, які абяцаў прынесці з сабою нямала радасці для кожнага вялікага і маленькага верніка, які прайшоў праз цемру і холад зімняга ранку, каб спаткацца з Езусам і Марыяй. 

Ён з'явіўся на парозе якраз у той момант, калі святары з благаслаўленнем рассылалі прысутных. У вочы адразу кінуліся чырвоная распісаная золатам капа, срэбраны пастарал, доўгая сівая барада і велічная, з залатым крыжам, мітра — сам святы Мікалай завітаў да нас у госці!

Доўгачаканы падарожнік перапрасіў за тое, што яму не давялося пабыць на Імшы: у гэтую раніцу дзеці кожнай парафіі ў свеце марылі сустрэцца з ім. Пасля гучных прывітанняў святы Мікалай раздаваў дзеткам цукеркі, каб яны панеслі разам з сабою не толькі радасць ад ранішняй сустрэчы з Хрыстом, але і салодкі пачастунак, які так файна раздзяліць са сваімі бліжнімі!

Ксёндз пробашч падзякаваў дарагому госцю і папрасіў яго зазірнуць да нас і ў наступным годзе. Святы Мікалай, зноўку да нас завітай! 

Фота: Багдан Сырыца, Паліна Ручан

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.