«Ужо прайшло некалькі дзён, а музыка ўсё яшчэ гучыць у маёй галаве і не дае вярнуцца ў звычайнае жыццё. Гэта быў незвычайны час, калі я адчула сябе сапраўднай дамай, а галантныя кавалеры ўвесь час клапаціліся пра нас. Музыка, танцы, шчырасць і ўсмешкі адно аднаго зрабілі гэты дзень казачным», — так Аліна Макляк успамінае Моладзевы баль, арганізаваны парафіяй св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ ў Мінску, які адбыўся 24 красавіка ў гасцінных сценах Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.

Натхненнем для правядзення гэтага выключнага мерапрыемства стаў Сямейны баль, арганізаваны вясной мінулага года сужэнствамі руху Equipes Notre-Dame, у якім гасцінна прыняла ўдзел частка моладзі.

Жаданне і ініцыятыву моладзі падтрымалі душпастыры. Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr кажа: «Баль стаўся сапраўдным святам, таму што ўсе ўдзельнікі пастараліся. Наша моладзь адзначылася адказнасцю і творчасцю. Я ганаруся нашай моладдзю. Асобна шчыра дзякую сужэнству Алены і Валерыя Шымак за вялікае сэрца і высілак у сумеснай арганізацыі свята і яго правядзенні. Гэта было шыкоўна і здорава!»

Здаецца, гэта быў першы такі Баль каталіцкай моладзі Беларусі. Але аб усім па парадку.

«Усё рабіце на славу Божую» (1Кар 10, 31), — менавіта гэтыя словы ўзгадаў на пачатку ксёндз пробашч Алег Шпець SChr, які, прывітаўшы ўдзельнікаў, благаславіў іх і даручыў апецы Маці Божай.

Распачаў праграму грацыёзны паланэз, які быццам вярнуў нас у часы шыкоўных баляў, чароўных імпрэз і раўтаў. І гэтае пачуццё казкі не пакідала нас да канца Балю. Лёгкі і пяшчотны вальс малютка перайшоў у энергічную і вясёлую берлінскую польку, а старажытныя мальтыйскія матывы маразулі змяніліся на сучасную музыку рэгтайму.

Здаецца, нават паветра ў пакоі змянілася, дзяўчаты ператварыліся ў сапраўдных шляхетных прыгажунь, а хлопцы — у прыгожых і статных кавалераў. А з колькімі рознымі краінамі і эпохамі можна было сустрэцца — нават цяжка пералічыць! Зараз ты адчуваеш сябе ангельскім джэнтльменам на балі ў герцага Кенцкага, а праз пяць хвілін танцуеш іспанскі вальс; вось чуеш знаёмыя з дзяцінства народныя матывы, а неўзабаве імчыш пад рытмы бельгійкі. Асаблівыя пачуцці выклікаў фігурны вальс, які быў прадстаўлены ў двух асобных варыянтах. Ды і хіба ж ёсць на свеце дзяўчаты, якія б не хацелі, каб іх кавалер, як сапраўдны сярэднявечны рыцар, стаў перад сваёй дамай на калена?

Мягчыла Ліза, самая юная ўдзельніца Балю, дзеліцца: «Думаю, што кожны чалавек захоўвае яшчэ з дзяцінства сваю маленькую мару. Я вельмі любіла мульцікі аб прынцэсах, калі была маленькая, менавіта таму сапраўдны баль здаваўся мне вельмі казачным і жаданым. І вось ксёндз Уладзімір прапанаваў гэты Баль, і мая маленькая-вялікая мара здзейснілася.

З якой прыемнасцю я хадзіла на рэпетыцыі, якое задавальненне адчувала ў сэрцы пасля кожнага дня сустрэчы! І кожны раз, калі вярталася дадому, мяне ахопліваў глыбокі сум і туга па прысутных і сапраўды добрай, шчырай атмасферы, якой так не хапала мне ў сучасным жыцці.

Я часта здзіўляюся, як мне давялося апынуцца ў такой супольнасці, дзе я адпачываю ўсёй душой і сэрцам? Чым магла я заслужыць такія пачуцці і людзей вакол? Ведаю дакладна: частка майго сэрца засталася дзесьці там, на танцах з нашым касцёлам, і гэтая частка мяне зараз шчыра ўсміхаецца, успамінаючы падрыхтоўку і сам Баль. Мая падзяка кс. Уладзіміру, кс. Алегу, Алене і Валеры і ўсім, дзякуючы каму ўсё здарылася так, як патрэбна».

Уражвае тое, што ўсяго за паўтара тыдня юнакі і дзяўчаты змаглі вывучыць болей за дваццаць танцаў. Цяжка ўявіць, што шэсць гадзін могуць прабегчы так хутка і так плённа! Умелы падбор парадку танцаў у спалучэнні з цікавымі і вясёлымі конкурсамі стваралі лёгкую і прыемную атмасферу. А ў сярэдзіне танцавальнай праграмы мы нават пачулі невялікі, але вельмі пранікнёны музычны канцэрт на акустычнай гітары ў выкананні Таццяны Канарскай, які не пакінуў абыякавым прысутных. «Асобна трэба сказаць пра Таню і яе выступленне. Гэта была сапраўды неверагодная музыка, што змагла крануць маё сэрца, — распавядае Кацярына Навумчык. — Дзякуй за тую цеплыню, усмешкі і шчырасць, якія былі наогул у кожнага чалавечка на гэтым Балі, бо, шчыра кажучы, у звычайным жыцці людзі чамусьці пра гэтыя якасці забываюцца, таму іх не хапае. А на Балі атрымалася насыціцца гэтым. Дарэчы, калі я паказвала відэа і фота сваім родным ці сябрам, то фразай, якую казаў кожны, была наступная: “Вы такія шчаслівыя!” Таму хачу пажадаць, каб гэтае шчасце і гэтыя ўсмешкі мы не забываліся несці іншым, і яшчэ раз хачу падзякаваць за такі неверагодны Баль».

На заканчэнне Балю кожны з удзельнікаў атрымаў прыемны падарунак з цёплымі словамі ў свой адрас, а пасля ўсе ўдзельнікі, сабраныя ў адзінае кола сяброў, падзякавалі Пану Богу за такі цудоўны вечар і выказалі надзею, што гэты Баль стане пачаткам новай прыгожай традыцыі маладога Касцёла на Беларусі.

Больш фота можна паглядзець па спасылцы.

Тэкст: Аляксандр Клімовіч
Відэа: Яна Капуста, Паліна Капуста, Кацярына Саўць, Лізавета Капуста

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.