«Браты і сёстры, сённяшняй Імшой мы ўступілі ў Вялікі тыдзень, — сказаў Папа Францішак на плошчы святога Пятра ў Рыме ў Пальмовую нядзелю. — Я заклікаю вас пражыць тыдзень так, як вучыць традыцыя святога народа, вернага Богу, — гэта значыць суправаджаць Пана Езуса з верай і любоўю». З любоўю да бліжніх правялі вернікі парафіі святога Яна Евангеліста пяты дабрачынны Велікодны кірмаш.
Рыхтуючыся да кірмашу, хтосьці прыдумваў і ствараў вырабы з тканіны, нітак, кветак, цукерак. Хтосьці рэзаў, прывозіў і ўпрыгожваў вярбу. Хтосьці выпякаў хлеб, кулічы і іншыя прысмакі. Хтосьці гатаваў суп на значную колькасць людзей. Хтосьці рыхтаваў забавы для дзяцей і прызы для латарэі. Хтосьці друкаваў і падпісваў квіткі для латарэі. Хтосьці займаўся традыцыйнымі «паведамленнямі» ад святых. Хтосьці падмятаў, прыбіраў, рамантаваў, раскладаў і збіраў намёты, нацягваў тэнты. Хтосьці ахвяраваў цэлы дзень, каб стаяць і прадаваць у намёце. Хтосьці падбадзёрваў духам іншых. Хтосьці рабіў маленькія, непрыкметныя справы. Але ў вачах Госпада няма малых спраў. Кожны высілак, прыкладзены да арганізацыі кірмашу, вельмі каштоўны. Але нічога не атрымалася б, калі б не прыйшлі людзі, якія ўдзельнічалі ў забавах, частаваліся супам, куплялі латарэйныя квіткі і проста былі.
Дар'я Еўсікава дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля Велікоднага кірмашу: «Вялікі дзякуй усім удзельнікам і арганізатарам парафіяльнай акцыі! Усе здзіўляюцца, як мы змаглі столькі ўсяго зрабіць, якая ў нас актыўная парафія! Бо дружная!
Вы неверагодныя, мужныя, таленавітыя і адданыя! Я так ганаруся!!!
Няхай вашыя шчырыя ўсмешкі прывабяць новых парафіян і плён будзе не толькі матэрыяльны!»
А Вольга Саладкевіч дадае: «Мне хочацца дзякаваць Богу за тое, што маю прыклад ахвярнасці сярод нашых парафіян. Сапраўды, вы неверагодныя!!! Так шмат часу і сіл аддаваць, моўчкі, з усмешкай, нават праз 9 гадзін на нагах. Хочацца таксама так навучыцца! І дзякуй нашым святарам і сёстрам: вы запальваеце ўсіх нас. Хвала Пану!»
Усе сродкі, сабраныя падчас Велікоднага кірмашу, будуць прызначаныя на справы будовы новага парафіяльнага касцёла ў Мінску.