
Мяне завуць Паліна. І я ўжо некалькі гадоў з’яўляюся часткай душпастырства моладзі нашай парафіі, чым вельмі ганаруся. Для мяне ДМХ — не толькі месца, дзе я магу ўзрастаць як хрысціянка і паглыбляць адносіны праз сустрэчы з Богам, але і месца спаткання з аднадумцамі. Адметнай рысай нашай дынамічнай супольнасці з’яўляюцца выезды, якія мы здзяйсняем у розныя мясціны. Дзякуючы чаму я ўжо паглядзела значную частку куточкаў нашай прыгожай Беларусі. Але мы не збіраемся спыняцца…
А сённяшняя гісторыя вельмі простая: яна пра тое, як у адзін звычайны будзённы дзень, 22 сакавіка, мы адклалі нашую працу і справы і паехалі на Мора. Так, менавіта! На Мора! Ці ведалі вы, што можна а 7 раніцы прыйсці на Імшу ў каплічку, а праз тры гадзіны ўжо бачыць Мора. І ўсё гэта ў нашай Беларусі. Ездзілі мы не на звычайнае мора, а на Мора Герадота — разлівы Прыпяці. Сабралася нас на выезд на Піншчыну сем чалавек. Для размаху ДМХ, гэта можа, здавалася б, і мала. Але нам нічога не перашкодзіла перажыць сапраўдную прыгоду цягам у цэлы дзень.
Мы разам маліліся, жартавалі, размаўлялі і смяяліся з саміх сябе. Слухалі гісторыі мясцовага жыхара пра Мора Герадота і пра іншыя мясціны Піншчыны. Мы частавалі адзін аднаго нашымі ссабойкамі, а на поздні абед елі смачныя дранікі на верандзе каля запаленага каміна. Мы спрабавалі заўважыць куніцу і бабра падчас сплаву на байдарках і засяроджваліся на меладычных і вельмі разнастайных галасах птушак. Прабіраліся скрозь дрэвы на байдарках на востраў, каб распаліць вогнішча і выпіць гарбаты. Назіралі за чырвонакніжнымі птушкамі на другім востраве. Лавілі прамяні вясенняга сонейка. Мы проста былі разам і цешыліся з гэтага.
Гэта мой досвед аднаго дня, спантанна вырванага з шэрага і звычайнага працоўнага тыдня. Дня адпачынку ў Богу, Стварыцелю захапляльнай прыроды, якая нас атачала на працягу ўсяго дня. Дня супакою і радасці ў маёй супольнасці.

























































































