
Сёння ўвечары мы будзем сядаць за вігілійны стол са сваімі роднымі. А ў нашай парафіі мы ўжо распачалі святкаванне Божага Нараджэння: напярэдадні адбылося ламанне аплаткай у парафіяльных супольнасцях.
Пра традыцыю ламання аплаткай мы паразмаўлялі з ксяндзом Алегам і сястрой Назарыяй, якія нясуць служэнне ў нашай парафіі.
— Зараз усе рыхтуюцца да святаў. Гэта нібыта спаборніцтва: у каго самая высокая елка, самыя прыгожыя шарыкі, самыя яскравыя агеньчыкі і г. д. І можа здавацца, што парафіяльнае дзяленне аплаткай уваходзіць у гэтае кола перадсвяточных справаў. А ці гэта проста традыцыя, як купляць мандарыны і вешаць агеньчыкі?
— Гэта сапраўды традыцыя, — распавядае ксёндз пробашч Алег, — але яна нашмат глыбейшая і больш значная, чым вонкавая падрыхтоўка. Дзяленне аплаткай дапамагае нам перажыць вельмі важную праўду аб тым, што Хрыстус ёсць сярод нас. Гэта таксама выраз нашага прагнення быць разам.






















































— Чаму, на вашу думку, асабліва дзеці так любяць час перад Божым Нараджэннем?
— Перадусім мне здаецца, што для дзяцей важная візуалізацыя Біблейскіх падзей, — адказвае вопытная катэхетка сястра Назарыя. — Гэта каляровыя дэкарацыі: ялінка, зорка, сняжынкі. Праз знешняе яны адчуваюць свята, што нешта вельмі важнае здараецца. Падарункі, канешне, таксама прыносяць радасць. Дзеці бачаць, што для іх робяць дабро, таму і яны таксама хочуць рабіць штосьці добрае, дзяліцца дабром.




























































— Як дзецям паказаць розніцу паміж тым, што распавядаюць у садку ці школе пра падарункі казачнага Дзеда Мароза, і каштоўнасцю самага галоўнага падарунка — прыйсця Госпада на зямлю ў чалавечым абліччы?
— Для малодшых дзетак гісторыя Езуса можа здавацца казачнай. Але гэта залежыць ад таго, як дарослыя тлумачаць дзецям сэнс Божага Нараджэння.




















— У чым духоўны сэнс дзялення аплаткай?
— Духоўны сэнс дзецям трэба тлумачыць: белы хлеб — гэта сімвал Езуса; тое, што мы яго ламаем, — знак таго, як мы дзелімся Езусам з бліжнімі, вучымся прасіць прабачэння і прабачаць людзей, — працягвае свае думкі сястра Назарыя. — Але гэта была б толькі тэорыя, калі б дзеці толькі слухалі пра гэта. Таму класна, што ў нашай парафіі ёсць магчымасць збірацца разам і фізічна ламацца той самай аплаткай. Гэта свята вельмі масштабнае: гэта бачна не толькі па колькасці ўдзельнікаў, але і па тым, што прыходзяць цэлыя сем’і. У цэнтры спаткання свечка, бо святло — сімвал Езуса, як напісана ў Евангеллі (пар. Ян 8:12).
Тое, з чаго мы пачынаем і куды мы ідзем, — гэта сустрэча з Езусам. Мы прысвячаем гэты час Яму. Усё зводзіцца да сустрэчы з Ім: наш супольны час разам, ламанне аплаткай, спяванне калядак.


















— Чаму важна дзяліцца аплаткай не толькі за вігілійным сталом у сям’і, але і збірацца парафіяльнымі групамі?
— Для нас — як святароў, так і сясцёр — вельмі важна перажыць аплаткавыя сустрэчы з нашымі парафіяльнымі супольнасцямі, — падкрэслівае ксёндз Алег. — Па-першае, мы ўсе разам ствараем адну вялікую сям'ю, а свята Божага Нараджэння — гэта ў першую чаргу час для сям'і. Па-другое, гэта цудоўны час, каб сказаць «Дзякуй!» усім тым, хто на працягу года рознымі спосабамі ўдзельнічае ў жыцці нашай парафіі. Гэта важны момант, каб зазірнуць адно аднаму ў вочы і выказаць шчырыя і сардэчныя пажаданні.


















































Прапануем вам азнаёміцца з парадкам абрада вігілійнай вячэры ў сям'і па спасылцы.



