Ужо па добрай традыцыі ДМХ “Адзіныя сэрцам” маюць у сваім гадавым плане зімовы выезд для ўзмацнення веры і адпачынку. І гэты год не стаў выключэннем: 21–23 студзеня мы правялі ў Мядзелі.
Пасля прыезду на месца адбылася святая Імша, падчас якой была аб’яўлена тэма нашага ўікенда: «Самотнасць і супольнасць», а ўрывак з Евангелля св. Марка 6, 31–32 стаў падмуркам для разважання.
У казанні падчас Імшы ксёндз Уладзімір пракаментаваў Евангелле, якое было знакавым для фармацыйнага выезду. Апісваўся момант паклікання дванаццаці вучняў. «Езус паклікаў тых, каго хацеў паклікаць. І думаю, што сёння гэтыя словы можна аднесці і да нас: Ён паклікаў нас, вас. Для чаго Ён паклікаў апосталаў? Спачатку для таго, каб яны былі з Ім. І толькі потым, каб паслаць іх прапаведаваць і даць сілу выганяць злых духаў. Мы таксама падчас выезду будзем старацца быць з Ім: у Эўхарыстыі, у Адарацыі, у Слове Божым, у супольнасьці, сам-насам», — казаў у першы дзень ксёндз Уладзімір.
Наступны дзень распачаўся ранішняй малітвай і канферэнцыяй, падчас якой мы заглыбіліся ў тэму ўікенда. «Езус заахвочвае сваіх вучняў, каб яны адны пайшлі ў пустыннае месца і там былі. Потым яны вернуцца і сустрэнуцца з людзьмі. Таму трэба тут заўважыць сувязь паміж досведам супольнасці і досведам самотнасці. Не можна іх раздзяляць: адно патрабуе другога. Самотнасць — адзін з найпрыгажэйшых дароў у супольнасці. Хто добра перажывае самотнасць, той добра жыве ў супольнасці. Але трэба адрозніваць самотнасць ад адзіноты. Адзінота дэзінтэгруе чалавека, а самотнасць інтэгруе. Самотнасць — гэта прастора паміж двума асобамі. А адзінота — гэта іншае, другога чалавека няма. Самотнасць адкрывае глыбіню, містэрыю, асабістасць іншага чалавека. Бо толькі з перспектывы самотнасці можна бачыць, чым мы адрозніваемся паміж сабой», — казаў ксёндз Уладзімір. Ад нашага досведу супольнасці, залежыць перажыванне самотнасці, таму напрыканцы канферэнцыі былі зададзены важныя пытанні (які твой досвед супольнасці, пачынаючы ад сям’і, садка, школы, парафіяльных групаў…? Якую кнігу пра супольнасць ты мог бы напісаць на падставе свайго жыцця?), на якія мы мелі магчымасць адказаць самі сабе падчас вольнага часу пасля канферэнцыі.
Добра насыціўшыся духоўнай ежай, удзельнікі накіраваліся ў мядзельскі лес на шпацыр. Сузіраючы хараство, створанае Богам, маліліся на ружанцы і мелі час на цішыню. Падчас шпацыра знайшоўся час і на розныя забавы са снегам і фатаздымкі.
Вярнуўшыся ў рэкалекцыйны дом і падсілкаваўшыся абедам, удзельнікі працягнулі свае духоўныя практыкаванні: святая Імша з канферэнцыяй дадала шмат глебы для разважання. «Ці я каштоўны/каштоўная? Але, увага, без працы, служэння, без яшчэ якіх-небудзь справаў. Часамі мы шукаем сваёй вартасці ў тым, што мы робім, што мы ўмеем, але трэба адкрыць сваю каштоўнасць, якая вынікае з таго, што Бог любіць мяне. І таму часам цяжка застацца ў самотнасці, бо там няма ні працы, ні служэння, толькі ты і Бог. Але ці маю я наогул час у тыдні толькі на сябе, толькі на Бога?.. Бо мая самотнасць — гэта дарога да іншага чалавека. Калі я правільна перажываю самотнасць, то ў мяне нараджаецца прагненне сустрэчы з іншым чалавекам. Таксама час самотнасці паказвае, якая мая малітва. Часта бывае, што я думаю пра Бога, расказваю пра Бога, але не размаўляю з Ім», — казаў падчас гаміліі ксёндз Уладзімір.
Далей вечар працягнуўся ў больш вясёлым ключы: быў каток, гульні, танцы. Пасля дня, поўнага разважанняў, гэта была добрая перазагрузка перад апошнім пунктам суботняй праграмы.
І гэта быў самы важны пункт — Адарацыя. Ва ўсім рэкалекцыйным доме была дзівосная цішыня, не было чуваць ні крокаў, ні скрыпа дзвярэй. Была поўная цемра, і толькі ў капліцы гарэлі свечкі і пара ліхтароў. І Бог у белай гостыі ў манстранцыі стаяў на алтары. Кожны меў 45 хвілінаў на персанальную адарацыю — гэты час з Богам быў толькі твой. Час, калі самотнасць была ў сваім піку, калі кожны мог сам сабе адказаць на пытанні з канферэнцыі, казанняў ці проста паслухаць голас Бога. Час, калі не трэба словаў, дастаткова толькі позірку на Гостыю, каб пачаць чуць, што хоча Бог. Ноч прайшла хутка і адначасова няспешна, у малітве, разважаннях, праслаўленні Бога.
Зранку ўсе ўдзельнікі разам памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Былі складзены просьбы, перапрашэнні і падзякі за выезд. Затым, асветленыя пасля такой ціхай, простай ночы, усе накіраваліся на мядзельскую горку катацца на цюбінгах. Быў смех, воклічы радасці і ўсе перазарадзілі свае «батарэйкі».
Далей было традыцыйнае «дзяленне», бадай, самы кульмінацыйны момант усяго выезду, як казаў ксёндз Уладзімір. Кожны расказваў пра свой асабісты досвед самотнасці, пра тое, што адбілася ў сэрцы, што ён/яна возьме з сабою. Была вельмі адкрытая атмасфера, давер адзін да аднаго, часамі на тварах былі заўважныя слёзы, прасвятленне, усмешкі, бо дзяленне кожнага было важным, цікавым, сапраўдным і шчырым. І менавіта ў ім моц узрастання ДМХ: праз шчырае дзяленне — сваімі пачуццямі, досведам, перажываннямі — мы становімся бліжэй адзін аднаго, мы пазнаём адзін аднаго. Менавіта так і было ў хвіліны дзялення.
Завершыўся выезд так, як і распачаўся, — святой Імшой, але ўжо не ў капліцы, а ў касцёле, разам з моладзю Мядзела. У казанні айцец Андрэй Авен OCD звярнуў увагу на евангеліста Луку, на яго пошук праўды. Як заўважыў ксёндз Уладзімір і некаторыя ўдзельнікі, гэта быў чарговы знак таго, што ўсё адбывалася так, як хацеў Бог, што мы якраз і прыехалі шукаць праўду, як шукаў яе евангеліст Лука.
Гэта быў добры выезд, поўны духоўных практыкаванняў, напоўнены ўзмацненнем цела (а не толькі духа). Адчуваўся баланс паміж духоўнасцю і вясёлым адпачынкам у супольнасці. Было так, як трэба: насыціўшыся духоўнай ежай, мы атрымоўвалі ежу фізічную, перазаражалі «батарэйкі» для лепшага пазнання сябе. І хоць план быў даволі насычаны, аднак не было ніякай мітусні. А адарацыя і «дзяленне» кранулі кожнага да глыбіні душы, паказалі невядомыя куткі сваёй асобы.