
Шмат чаго змяняецца ў дынамічным жыцці маладых людзей, але ёсць тыя падзеі, якія «Адзіныя сэрцам» жадаюць перажываць разам. Гаворка пойдзе пра V супольную навагоднюю ноч ДМХ.
Пасля набажэнства на заканчэнне года і св. Імшы, усе накіраваліся ў в. Міхалова, дзе гасцінна дзверы свайго дому адчынілі парафіяне Інна і Аляксей. Распачалася дэгустацыя прыгатаваных сваімі рукамі страваў, конкурсы, спевы і танцы. Не абышлося без ужо традыцыйных безалкагольных, але смачных і прыгожых кактэйляў.
У апошнія хвіліны года моладзь суцішылася на Нешпары, дзякавала Пану Богу за атрыманыя ў 2021 годзе дары, пасля чаго сваё слова скіраваў да маладых людзей душпастыр: «Юнакі і дзяўчаты, вы моцныя! Не бойцеся далей штодня крочыць у бок Пана Бога. Няхай Бог благаслаўляе ваш шлях».

«Хтосьці сказаў камусьці галоўныя словы», — гэтым радком з вядомага спеву можна ахарактарызаваць падзею, якая адбылася ў першыя секунды новага 2022 года. Вова Лукомскі зрабіў прапанову рукі і сэрца Паліне Івашкевіч: “Хачу любіць цябе, як св. Юзаф любіў Марыю, ці згодная ты стаць маёй жонкай?” У прысутнасці супольнасці маладыя людзі распачалі новы этап жыцця, бо Паліна сказала сваё «так».
Гэта першая пара з «Адзіных», якая з такім сур’ёзным намерам крочыць у будучыню. А гэта азначае, што ўдзельнікі ДМХ сталеюць, з моладзі ператвараюцца ў дарослых людзей, якія імкнуцца будаваць далейшае жыццё ў лучнасці з Панам Богам. Ксёндз Уладзімір скіраваў для ўсіх прысутных мэсадж: «Сябры, радасна бачыць, як вы ўзрастаеце, прынімаеце добрыя рашэнні, бярэце на сябе адказнасць, будуеце адносіны, прынімаеце прапанаванае вам служэнне, калі не перастаеце змагацца за Божыя каштоўнасці ў сваім жыцці, нягледзячы на розныя слабасці і перашкоды. За гэтымі агульнымі словамі стаяць канкрэтныя падзеі і гісторыі вашага жыцця».

Моладзь разам выйшла на вуліцу, а там Максім Кулік падрыхтаваў для ўсіх сюрпрыз: сапраўднае фаер-шоў парадавала «Адзіных». Максім запаліўся ідэяй і самастойна навучыўся рабіць розныя трукі, хаця яго прафесійная дзейнасць не звязана з такім экстрымам.






































































Глыбокай ноччу ўжо троху стомленыя, але вельмі вясёлыя «Адзіныя сэрцам” сабраліся ў зале цёплага дому, каб падвесці вынікі перажытага года. З усмешкамі на вуснах маладыя людзі паглядзелі прэзентацыю, падрыхтаваную Яўгеніяй Мядзведзевай, у якой змясціліся фотаздымкі важных падзей супольнасці за ўвесь год. Цёплыя ўспаміны ахінулі кожнага. Алеся падзялілася: «Дзякуй кожнаму за свой уклад і любоў, якія вы дарылі іншым».
Далей была запалена свечка, якая перадавалася з рук у рукі, і кожны меў магчымасць падзяліцца некаторымі момантамі свайго жыцця з 2021 года, калі асабліва адчуваў Божую любоў і Яго ласкі. Вадзім Крывенькі кажа пра гэта так: «У мяне засталося цудоўнае пачуццё ад гэтага моманту, яно ўразіла болей за ўсё: кожны раскрыўся па-новаму для мяне».
Некаторыя з «Адзіных» захацелі падзяліцца сваімі перажываннямі ад супольнай імпрэзы:
«Гэта мой другі Новы год з ДМХ. Я нават і не сумнявалася, што буду адзначаць яго зноў з нашай супольнасцю — настолькі я была ў захапленні ад папярэдняга года, і настолькі ДМХ пасялілася ў маім сэрцы. Гэты год адрозніваўся: новае месца, новыя людзі, новыя эмоцыі і перажыванні. Усё, што там адбывалася, мела свой сэнс і прыносіла розныя эмоцыі. Але самае галоўнае, што хачу адзначыць, — гэта, напэўна, тое, што ўвесь час мы былі разам, супольнасць „Адзіных сэрцам“ як адна вялікая сям’я. Гэта самае галоўнае! — кажа Алеся Стэцкая. — Усё прайшло проста цудоўна! Гэта адбылося, напэўна, і дзякуючы таму, што кожны ўнёс свой уклад у падрыхтоўку і правядзенне самаго свята».
Вадзім: «Я прыйшоў у ДМХ у сакавіку 2021 года, і зараз я ўжо адчуваю, што ДМХ — гэта мая сям’я; маю добрыя адносіны з многімі з ДМХ — таму і адзначаць Новы год хацеў з супольнасцю. Я дапамагаў рыхтаваць месца, упрыгожваць залу, давазіць рэчы. Рабіў гэта таму, што хацеў дапамагчы.
Мяне ўразіла шмат, але адзначу сямейнасць і адкрытасць: усе адчувалі сябе важнымі і патрэбнымі. Уразіла тое, што нас было шмат, і пры гэтым не гублялася еднасць, не было хаоса. Гэта было адно з лепшых святкаванняў Новага года у маім жыцці!»

























