21 лістапада 21 кандыдат атрымаў знак дару Духа Святога з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У гэты ж дзень Касцёл адзначаў урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету — патранальнае свята ксяндзоў хрыстусоўцаў, якія служаць у нашай парафіі.

Згодна з традыцыяй Мітрапаліта віталі хлебам i соллю. Моладзь і іх бацькі прасілі арцыбіскупа аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі.

Ксёндз пробашч Алег Шпець звярнуўся да іерарха словамі Святога Пісання: «Ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан» (Дз 10, 33).

На што Мітрапаліт адказаў: «Вітайце, гэта я, Юзаф, брат ваш! — і дадаў, — дзякую за запрашэнне сюды на Узгорак надзеі, бо, сапраўды, гэтая каплічка з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам і Бога з чалавекам. І добра, што яна ўзвышаецца тут, у цэнтры мікрараёну. Я прыходжу да вас сёння як брат у веры, каб разам з вамі перажыць гэты дзень».

Падчас казання біскуп разважаў над роляй моладзі ў касцёле, цытуючы словы папы Францішка; гаварыў аб тым, што з узростам людзі становяцца пасіўнымі, а моладзь — гэта рух. І, звярнуўшыся да маладых людзей, прамовіў: «Калі не будзе моладзі, а будуць толькі старэйшыя людзі, то касцёл будзе тым, які чакае. А касцёл — гэта жыццё. Вы сваёй прысутнасцю, сваімі дзеяннямі, сваім энтузіязмам робіце яго жывым, маладым! Сакрамэнт канфірмацыі — гэта не толькі ўжо думкі, але і дзеянні. Як сказалі вашыя бацькі, вы становіцеся дарослымі ў веры, а гэта значыць, што трэба ўмець не толькі вызнаваць веру, але і бараніць яе, перадаваць іншаму чалавеку».

Пасля казання Мітрапаліт удзяліў сакрамэнт канфірмацыі. «Скажыце перад сабраным тут Касцёлам, якіх ласкаў чакаеце вы ад Пана Бога ў гэтым сакрамэнце?» — запытаўся ён.

«Прагнем, каб Дух Святы, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе праўдаў» — шматгалоссем адгукнуліся кандыдаты.

Кожны кандыдат разам са сваім сведкам падыходзіў да арцыбіскупа, які намашчаў галаву алеем са словамі: «Прымі знак дару Духа Святога!». «Амэн», — гучала ў адказ. А побач стаялі ксёндз Алег, ксёндз Уладзімір, сёстры Мар’яна і Назарыя і з радасцю назіралі за сваімі духоўнымі дзецьмі.

Гэтае сакральнае дзеянне суправаджалася прыгожым спевам моладзевага хору: «Хай прыходзіць Дух Твой і зямлю адновіць!»

Каплічка напоўнілася нейкай невытлумачальнай цеплынёй і супакоем і прыгажосцю, у вачах многіх прысутных стаялі слёзы.

На заканчэнне святой Імшы іерарх павіншаваў усіх прысутных і пажадаў моладзі, каб «гледзячы — бачылі, і ўмелі дзяліцца той любоўю Езуса Хрыста, якую самі спазналі». Таксама ён даў прысутным хатняе заданне — паглядзець мастацкі фільм «Бог не памёр», усе тры часткі.

На развітанне ксёндз пробашч падзякаваў арцыбіскупу Юзафу за яго прысутнасць і служэнне, а таксама выказаў надзею, што маладыя людзі, якія сёння прынялі дар Духа Святога, будуць цудоўнымі дачкамі і сынамі Касцёла.

Мы паразмаўлялі с ксяндзом Уладзімірам, каб удакладніць некаторыя пытанні адносна сакрамэнту канфірмацыі.

— Ці абавязкова сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляе біскуп?

— Звычайна гэты сакрамэнт удзяляе біскуп, але можа ўдзяляць таксама і святар, калі біскуп даручыць яму гэтае заданне.

— У якім узросце можна прымаць сакрамэнт канфірмацыі?

— У Каталіцкім Касцёле сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляецца ўжо ў свядомым узросце — моладзі ад 14-ці гадоў і дарослым. Гэта значыць, ва ўзросце, калі чалавек сам пацвярджае сваю веру і бярэ за яе адказнасць.

— Ці праўда, што ў Праваслаўнай Царкве сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляецца разам з сакрамэнтам хросту?

— Так.

— Ці азначае гэта, што чалавек, ахрышчаны ў царкве, і які цяпер, напрыклад, ходзіць у касцёл, не можа прыняць сакрамэнт канфірмацыі?

— Так, таму што гэты сакрамэнт удзяляецца адзін раз.

— Што адбываецца, калі святар удзяляе сакрамэнт канфірмацыі?

— Кожны сакрамэнт мае сваю ласку. Так плёнам сакрамэнту канфірмацыі з’яўляецца ўдзяленне дару Духа Святога. Так гаворыць сама формула. Звяртаючыся да кандыдата і намашчаючы яго алеем, біскуп кажа: «Прымі знак дару Духа Святога!». Кандыдат адказвае: «Амэн», што азначае — згаджаюся, прынімаю. Дар Духа Святога неабходны нам для хрысціянскага жыцця.

— Што трэба для таго, каб атрымаць сакрамэнт, напрыклад, ужо ў сталым узросце?

— Трэба звярнуцца да святара і падрыхтавацца. Тут важна воля чалавека: што ён хоча прыняць гэты сакрамэнт, просіць аб гэтым і разумее сутнасць таго, што ён атрымоўвае ў сакрамэнце. Таксама трэба быць у стане асвячальнай ласкі. Ну, і прагнуць — з верай падыходзіць да прыняцця сакрамэнту.

— Чаму варта папрасіць і атрымаць сакрамэнт канфірмацыі?

— Бо гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Ёсць тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання, каб увайсці і жыць поўняй хрысціянства, поўняй таго, што Бог хоча нам даваць. Гэта сакрамэнты хросту, эўхарыстыі і канфірмацыі. Яны з’яўляюцца сакрамэнтамі ўваходу ў паўнату хрысціянскага жыцця. Канешне, калі чалавек жыве без канфірмацыі, то можа здавацца, што так і трэба, але, калі прымае яго, то потым паступова адкрывае моц Духа Святога ў сваім жыцці, чэрпае з моцы той крыніцы, якая адкрываецца для яго ў гэтым сакрамэнце. Думаю, што мы, узрастаючы ў веры, паглыбляючы сваё духоўнае жыццё, паступова адкрываем ролю Духа Святога, уваходзім у адносіны з Духам Святым, і натуральна тое, што прыступаем да сакрамэнту канфірмацыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.