Божа, благаславі Беларусь! — гэта была першая малітва, якая прагучала ў нашай капліцы ў 2021 годзе. Малітва за Айчыну гучала з глыбіні сэрца нашай моладзі, аб’яднанай у Душпастырстве Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам». Ужо традыцыйна маладыя людзі ў першыя хвіліны Новага года стаяць на каленях у цішыні перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Далей урачыста спяваюць Te Deum — “Цябе Бога праслаўляем”, а гэтым разам яшчэ і гімн “Магутны Божа”.
Свята Божага Нараджэння маладыя людзі праводзяць, канешне ж, дома з сям’ёй, а вось у навагоднюю ноч хочуць быць разам. Гэта цудоўна і добра, і мы як душпастыры ўсім сэрцам падтрымліваем іх. Для нас важна быць з моладдзю.
Традыцыя распачалася 4 гады таму, калі мы сустрэлі Новы 2018 год разам у нашай святарскай кватэры. Як гэта сталася? На Новы год ксяндза Алега запрасілі правесці рэкалекцыі для сем’яў у Навагрудку. Я заставаўся адзін і неяк, між іншым, узгадаў пра такую магчымасць для моладзі. Здаецца, яны не адразу ўспрынялі прапанову сур’ёзна. Тады яшчэ толькі фарміравалася нашае ДМХ. Але, зразумеўшы, што я не жартую, доўга не думалі і пачалі рыхтавацца. Гэта мяне абрадавала. І так адбываецца да сённяшняга дня: на Новы год ксёндз Алег з сем’ямі ў Навагрудку, а я з моладдзю ў парафіі.
Год пазней апоўначы мы ўжо былі разам у капліцы, а ў апошнюю гадзіну 2019 года сустрэліся на Эўхарыстыі. У гэтым годзе маладыя людзі ўжо самі прасілі «зарэзерваваць» для іх капліцу і цэлебраваць святую Імшу перад самым Новым годам. Да малітвы далучыліся некаторыя бацькі і іншыя парафіяне.
Вова Лукомскі ад пачатку святкуе Новы год з ДМХ. Чаму так? «Нічога дзіўнага, бо тут амаль усе мае сябры, а атмасфера настолькі класная, што аж не хочацца ісці да дому. За гэты час для мяне стала важным распачынаць Новы год у капліцы з Панам Богам». Яшчэ адметным для Вовы з’яўляецца тое, што разам з сябрам Антонам Вайткевічам яны ствараюць нашыя “куранты” з дапамогаю гонга на каплічных хорах.
«А я ўпершыню ў сваім жыцці сустрэла Новы год, трываючы на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта была магчымасць падзякаваць Богу за пражыты год і за ласкі, якія Ён удзяліў, і даверыць, ахвяраваць Яму год надыходзячы. Я вельмі рада, што была з ДМХ. Гэта быў асаблівы час!» — дзеліцца Агата Лялевіч, студэнтка родам з Гродна.
Паліна Івашкевіч ужо чацвёрты Новы год з ДМХ. Яна звяртае ўвагу, што наш Новы год пачынаецца не ў 00:00 першага студзеня, але з моманту нашай падрыхтоўкі да яго: «Гэта так прыемна разумець, што кожны ўдзельнічаў у арганізацыі свята. Кожны гатуе сваю страву на стол, таксама ў нас ёсць адказныя за меню, за прыбіранне залы, за сервіроўку стала, канечне ж за святочную Літургію, за музыку, вясёлую праграму... Гэта дае сілы і захапляе, калі ведаеш, што хтосьці амаль увесь дзень зранку прыбіраўся, мыў падлогу і выціраў пыл, каб іншым было прыемна, доўгі час рыхтаваў праграму, каб астатнім было весела... Мы робім гэта для ўсіх нас, для ўсяго ДМХ, бо бачым вартасць адно ў адным! А яшчэ штогод хлопцы разам з кс. Уладзімірам гатуюць для ўсіх смачныя і прыгожыя кактэйлі, кожны раз яны прыдумляюць новыя рэцэпты і пераўзыходзяць саміх сябе».
Алеся Стэцкая — адна з тых, хто нядаўна далучыўся да ДМХ: «Рашэнне сустракаць Новы год не з сям'ёй я прыняла не адразу. Доўга думала, бо гэта нешта новае для мяне і для бацькоў. Бацькі далі мне права выбару, і рашэнне заставалася толькі за мной. Зразумеўшы, што гэты 2020 год быў годам зменаў ува мне, я вырашыла сустрэць яго з Богам. Таксама хацелася бліжэй пазнаёміцца з моладзю ДМХ, ды і, наогул, проста сустрэць Новы год не так, як звычайна.
Гэтая сустрэча была поўная эмоцый, забаў і таксама разваг. Ніколі ў маім жыцці навагодняя ноч не была такой насычанай! Не памятаю, каб клалася спаць я калісьці каля 9-й раніцы. Хацелася б сказаць вялікі дзякуй абсалютна ўсім! Дзякуй ксяндзам, кожнаму з ДМХ за станоўчыя эмоцыі! Рада была з вамі сустрэць гэты Новы год! Думаю, што сустракаць Новы год у касцёле стане маёй традыцыяй».
У навагоднюю ноч кожны падзяліўся тым, што важнага Бог здзейсніў у яго жыцці на працягу мінулага года. А вось які насычаны сустрэчамі і падзеямі быў 2020 год для ДМХ дапамагла ўсвядоміць фотапрэзентацыя, падрыхтаваная Яўгеніяй Мядзведзевай. Удзельнікі падкрэслілі асаблівую ролю фармацыйных выездаў у Жодзіна, Браслаў і Тракелі, а таксама велапілігрымак.
Лічу, што адной з важных рысаў ДМХ і прычын плённасці нашых сустрэч з’яўляецца адкрытасць і гасціннасць кожнага. Таму вельмі важнай аказалася прысутнасць нашага клерыка Аляксандра Шыманскага, а таксама Вольгі Кліменюк, якая з’яўляецца салезіянскім аніматарам і сяброўкай «Адзіных сэрцам».
Любімая моладзь, дарагія сябры! Вашыя душпастыры ганарацца вамі! Памятайце аб гэтым у Новым 2021 годзе і, нягледзячы ні на што, трымайцеся моцна Хрыста ў Яго святым Касцёле! Будзьце моцныя ў веры! Аддаём вас у апеку Багародзіцы Марыі!