З-за каранавіруса могуць закрыць межы, увесці масачны рэжым, забараніць канцэрты і абмежаваць паходы ў кафэ. Некаторыя нават кажуць: свет у гэтым годзе спыніўся. Але нязменным на працягу доўгага часу застаецца адно — Нараджэнне Езуса Хрыста.

Так, у гэтым годзе былі змены. Напрыклад, магчымасць Імшы Пастэркі анлайн. Таксама ў нашай парафіі замест двух традыцыйных Імшаў 24 снежня адбыліся тры, каб пазбегнуць натоўпу людзей, а таксама каб кожны мог выбраць зручны яму час для наведвання Пастэркі.

Пасля Вігілійнай вячэры побач з роднымі і блізкімі парафіяне прыходзілі на Пастэрку. У капліцы іх вітаў маленькі Езус у яслях.

«Езус у яслях сімвалізуе для мяне безумоўную любоў Бога. У гэтым годзе Беларусь закрыла межы, але асабліва важна на фоне гэтай знешняй ізаляванасці адкрыць сэрца для дзіцяткі Езуса», — дзеліцца сваімі думкамі Яўгенія Мядзведзева.

Батлейкі ў гэтым годзе не было. Але гэта можна выкарастаць у пазітыўным напрамку: намаляваць сваю асабістую карціну дзіўнага вечара, які адбыўся 2020 гадоў назад.

Складана ўявіць Каляды без калядкаў. Парафіяльныя хоры на працягу кожнай Імшы стваралі святочны настрой.

«Калядныя спевы дадаюць святу ўрачыстасці і дапамагаюць нам больш паглыбiцца ў надыходзячае свята Нараджэння Пана. Падчас спявання калядак мне вельмі ўтульна, я адчуваю цеплыню і еднасць з усімі, хто іх спявае. У гэты момант з’яўляецца пачуццё, што мы ўсе адна вялiкая сям’я, якая проста хоча сказаць Богу, як моцна Яго любіць і чакае», — кажа Марыя Пукіта, член моладзевага хору Anima una.

У гэтым годзе пасля Імшы мы аплаткай не дзяліліся, але кожны меў магчымасць скласці адно аднаму святочныя пажаданні!

Са словамі віншавання звярнуліся да парафіянаў нашыя святары:

«У гэтае светлае свята Божага Нараджэння, хочам ад нашай душпастырскай каманды, павіншаваць вас, вашых родных і блізкіх. Няхай гэты час будзе асаблівым момантам сустрэчы з Богам! Няхай Божае Слова з новай моцай прагучыць у вашых сэрцах і дазволіць пазнаць сэнс Божай прысутнасці. Няхай Божае Дзіця, якое прыходзіць у гэты свет, напаўняе вашае жыццё святлом, адорвае сілай, атуляе сваёй апекай і благаслаўляе на шляху да святасці! Радаснага і благаслаўлёнага свята Божага Нараджэння! Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!»

Каманда Jan.by таксама віншуе ўсіх чытачоў са святам Божага Нараджэння!

Фота: Паліна Маісеева, Марцін Палінеўскі, Дар’я Еўсікава

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.