5 красавіка меўся адбыцца традыцыйны Вербны кірмаш, мэта якога, як і ў мінулыя гады, — сабраць сродкі на будаўніцтва новай святыні. Але ў сувязі са складанымі эпідэміялагічнымі ўмовамі кірмаш быў адменены. Тым не менш, будаўніцтва трывае, а мы вырашылі даведацца, што зараз з ім: у якой яно стадыі, што зроблена, што засталося зрабіць? Дапамагаў нам у гэтым разабрацца наш пробашч кс. Алег Шпець SChr.


З чаго ўсё пачыналася

У 2007 годзе парафія атрымала зямлю пад будаўніцтва новага касцёла. Тады ў парафіі служылі айцы францішкане. Менавіта пры іх былі распрацаваныя эскізны і першы архітэктурны праекты.

У 2010-м францішкане ўзвялі драўляную капліцу — часовае памяшканне на час будаўніцтва.

Эскізны праект новага касцёла быў выкананы Інстытутам архітэктуры і добраўпарадкавання г. Мінска. Задачай была распрацоўка знешняга выгляду святыні, які б упісаўся ў ландшафт горада. Далейшы этап — архітэктурны праект. Гэта больш сур’ёзная і затратная праца. Акрамя таго трэба было прайсці шмат узгадненняў і атрымаць вельмі шмат дазволаў. У свой час гэта ўсё было зроблена, але на гэтым, на жаль, усё спынілася.

На распачацце будаўнічых прац заканадаўства дае два гады. На той момант, калі ксяндзы хрыстусоўцы ў 2014-м прыйшлі ў парафію, мінула ўжо чатыры гады. Тэрмін дзеяння дазволаў скончыўся, дзяржава мелася забраць выдзеленую зямлю. Трэба было тэрмінова дзейнічаць.


Зараз альбо ніколі

Ксяндзы хрыстусоўцы ўзялі за аснову распрацаваны раней праект, але было вырашана ўнесці пэўныя змены, якія б дазволілі значна зменшыць выдаткі. Напрыклад, згодна з папярэднім праектам трэба было насыпаць больш за 7 метраў зямлі ўверх. Гэта каштуе вельмі дорага, таму вырашылі апусціць святыню на 1,5 метра і тое, што выкопвалі, выкарыстоўвалі, каб зраўняць паверхню зямлі.

Наступнай зменай быў адыход ад падпорнай сцяны, якая каштавала вялікіх грошаў. Яна павінна была трымаць глебу, каб тая не асыпалася. Планавалася, што сцяна будзе на месцы, дзе зараз знаходзіцца гараж. Цяпер жа адна сцяна гаража пабудаваная маналітам, яна і стала выконваць ролю падпорнай сцяны.

Нанова атрымаўшы ўсе дазволы і пагадненні, можна было нарэшце прыступаць да будаўнічых прац.

Паколькі месцам будоўлі была зялёная зона, узнікла неабходнасць спілаваць пэўную колькасць дрэваў. Многія з іх былі хворыя, з гнілым у сярэдзіне ствалом, але, натуральна, сам факт знішчэння жывых дрэваў выклікаў абурэнне ў многіх мясцовых жыхароў. Аднак, парафія справілася і з гэтым, не сапсаваўшы адносінаў з суседзямі. Згодна закону замест спіленых дрэваў у іншым месцы былі пасаджаны новыя.


Мы выбіраем, нас выбіраюць

Такі быў пачатак: падрыхтоўка пляцоўкі, агароджа, зямельная праца.

Таксама трэба было выбраць падрадчыка — фірму, якая будзе праводзіць будаўнічыя працы і адказваць за дакументацыю. Напачатку разглядалі тры варыянты: дзве беларускія фірмы і адна замежная.

«Выбіралі па прынцыпе сметы. Кошт і тэрміны, — распавядае ксёндз Алег, — Беларускія арганізацыі былі амаль аднолькавыя. Замежная — латвійская, была гатовая будаваць хоць заўтра, але грошаў у нас не было. Трэба было выбраць тых, хто згадзіўся б на ўмову: ёсць грошы — будуем, няма — не будуем».

У выніку заключылі дамову з беларускай кампаніяй.


Грошы і метры

«Асноўнае фінансаванне будаўніцтва — ахвяраванні людзей і сродкі, што мы збіраем па ўсяму свету», — гаворыць ксёндз пробашч. У 2018 годзе ў парафіі ўзнікла ініцыятыва па продажу так званага квадратнага метра сцяны будучай святыні. 250 беларускіх рублёў — гэта кошт матэрыялаў і працы для ўзвядзення аднаго такога метра. Тым, хто падтрымаў ідэю і склаў вызначаную суму ахвяравання, выдаецца спецыяльны сертыфікат з парадкавым нумарам квадратнага метра. На сёння парафія назбірала 600 такіх «метраў» з патрэбных 2000. Пробашч парафіі адзначае, што гэта нямала і што нават, калі лічбы дойдуць да 1000, то гэта вельмі добры паказчык.

«Да 2019 года мы будавалі за сродкі, якія разам назбіралі. З 2019 г. нас падтрымаў нямецкі дабрачынны фонд Renovabis. Нас прафінансавалі на 90 000€. За гэтыя грошы будуюцца калоны касцёла і шмат іншага», — зазначае пробашч.


Дзе мы?

Цяперашняя каплічка змяшчае 30-40 чалавек. Гэта афіцыйна ;-). У касцёле толькі сядзячых месцаў будзе 260-280. А ўвогуле і 500 чалавек зможа змясціцца.

У перыяд з 2014 па 2020 гг. былі выкананы:

  • будаўнічы праект;
  • афармленне зямлі пад будаўніцтва касцёла;
  • падрыхтоўка пляцоўкі для пачатку будаўнічых работ;
  • пад’язная дарога (без асфальтавання), пешаходная і веласіпедная дарожка;
  • катлаван пад асноўны будынак;
  • армаванне і бетанаванне падвальных памяшканняў;
  • гараж, электрашчытавая, мінікацельня (з улікам цеплазабеспячэння будынка касцёла);
  • кампенсацыйныя пасадкі дрэў;
  • перанесяны сілавы кабель 10 кВт;
  • праведзена электрычнасць на будпляцоўку;
  • комплекс будаўнічых работ па выкананні падмуркаў касцёла 90%;
  • будаўніцтва жалезабетоннага каркаса будынка;
  • узвядзенне вонкавых сцен 60%;
  • узвядзенне перагародак 40%;
  • узвядзенне перакрыццяў 35%.

Агульная гатоўнасць 35%.

Калоны святыні ўжо ўзвысіліся і пачалося будаўніцтва сцен святыні. Наперадзе — працяг узвядзення сцен і даха.

 


Людзі важней за сцены

Па словах ксяндза Алега будаўніцтва — гэты цікавы і адначасова марудны працэс, вельмі марудны.

«Гэта мой крыж. Шчыра кажучы, гэта не сакрэт, што святар павінен займацца справамі касцёла, а не быць экспертам будоўлі. Каб даць дазвол на закупку ці выкарыстанне чаго-небудзь, трэба самому добра разабрацца ва ўсім, прааналізаваць. Гэта забірае шмат часу.

Мы ставім акцэнт на парафіі, гэта значыць на людзях, якія яе ствараюць. Такім чынам я не магу шмат часу прысвяціць будаўніцтву. Для нас прыярытэт — парафія, а не будаўніцтва.

Я з добрым настроем гляджу ўперад і бачу: Бог нас не пакідае! Адразу напэўна кожнаму з нас было цяжкавата. Зараз, калі мы бачым пабудаваныя калоны, будынак, то весялей становіцца».


Святло ў канцы тунэля

У планах у гэтым годзе накрыць касцёл. Калі фінансаванне будзе ісці, як і раней, то ў наступным годзе можна будзе цэлебраваць Святую Імшу ў новай святыні. Але паколькі — у сувязі з пандэміяй каранавіруса — прагназуецца крызіс, і не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, то цяжка нешта загадваць. «Калі будзе накрыты касцёл, то зімой можна будзе працаваць унутры. Але калі не ў гэтым годзе, то ў наступным 90%!», — абяцае пробашч.

На пытанне, ці ёсць штосьці, чым парафіяне маглі б дапамагчы акрамя фінансаў, ксёндз Алег адказвае, што цяпер ідуць тыя працы, якія павінна рабіць фірма. Але пасля гэтага будзе шмат працы для ўсіх — і ўнутры касцёла, і на тэрыторыі каля яго.

 

«Мы з ксяндзом Уладзімірам шчыра дзякуем усім дабрачынцам і ахвярадаўцам, — кажа ксёндз Алег. — Лічу важным, каб у будаўніцтве ўдзельнічалі ўсе. Нават калі гэта будзе нешта невялікае адносна агульных патрэбаў, але гэта будзе ваш асабісты ўклад. Няхай кожны па сваіх сілах інвесціруе ў будаўніцтва. Гэта вельмі важна, бо святыня — гэта тое, што будзе сваім і для ўсіх. Калі ўсё разам удзельнічаем у нейкай справе, то яна становіцца нашай справай, за якую мы ўсе нясём адказнасць. Няхай будаўніцтва новай святыні будзе справай кожнага парафіяніна!».