На гэтым тыдні Касцёл адзначае літургічны ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў. З гэтай нагоды ў нядзелю 19 студзеня ў мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ прайшлі акцыі, прысвечаныя каталіцкім медыя.

Пасля кожнай Імшы святары распавядалі вернікам аб важнасці каталіцкай прэсы і неабходнасці яе падтрымкі. Выступілі прадстаўнікі каталіцкіх медыя, ў тым ліку рэдакцый Catholic.by і Jan.by. Яны казалі аб ролі сучасных сродкаў масавай камунікацыі ў справе абвяшчэння Добрай Навіны і складанасцях, звязаных з выкананнем гэтай місіі. Журналісты і валанцёры падзяліліся сведчаннямі аб сваім служэнні, а таксама запрасілі парафіянаў да ўдзелу ў фармаванні сучаснай медыяпрасторы.

Падчас гэтых акцый быў арганізаваны збор ахвяраванняў на падтрымку каталіцкіх СМІ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.