У нядзелю 15 снежня ў нашай парафіі адбылася прэзентацыя калядна-адвэнтовай кнігі для дзяцей «Святы Мікалай да нас завітай!». Прадставіць яе прыйшлі адна з сааўтарак, а таксама наша парафіянка, Аксана Ючкавіч і вярстачка кнігі Анастасія Дула.

Як распавяла Аксана Ючкавіч: «Гэтая кніжка, гэта збор апошніх вершыкаў нашых вядомых, а таксама і невядомых хрысціянскіх паэтаў на тэму Божага нараджэння, на тэму святога Мікалая. Яна перадае чароўную, добрую атмасферу Раства. І прызначана для ўсіх дзетак, нават наймалодшых».

У кніжцы можна сустрэць вершы такіх сучасных беларускіх аўтараў як Марыя Чарняўская, яна дарэчы з’яўляецца і ўкладальніцай кнігі, нашай парафіянкі Аксаны Ючкавіч, Яўгеніі Чакур, Наталькі Бурдун, Валярыны Куставай і Андруся Такінданга. Кніжка аздоблена атмасфернымі каляровымі малюнкамі беларускіх мастакоў.

Ідэя напісання кнігі ўзнікла пасля мінулага Божага Нараджэння, амаль год таму. Пасля калядкаў людзі пачалі пытацца, у Аксаны Ючкавіч дзе можна знайсці кніжачку з каляднымі дзіцячымі вершамі беларускіх аўтараў. На той момант такой кніжкі не існавала. А праз некалькі дзен Аксане напісала беларуская паэтка і сяброўка Марыя Чарняўская, з прапановай зрабіць кніжачку калядных вершыкаў для дзетак. І вось слова стала дзеяннем, зышлася каманда аўтараў, мастакоў, дызайнераў. У кастрычніку пачалася праца над кнігай, а 2 снежня яна ўжо выйшла з друку.

Анастасія Дула, якая працавала над вёрсткай, кажа: «Адна з мастачак кнігі — Амалька Каралькова, яна з Маладзечна, школьніца. Частка цудоўных ілюстрацый, а таксама і вокладка кнігі, гэта яе творчасць». Апроч Амаліі над малюнкамі працавалі, Надзя Бука, Анастасія Гурыновіч і Андрусь Такінданг.

Набыць кнігу можна ў інтэрнэт-краме Kroplia.by, ці замовіць праз аўтараў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.