Хвала Хрысту! Зноў панядзелак, а гэта значыць надыйшоў час пазнаёміцца з яшчэ адным чалавекам з нашая вялікай парафіяльнай сям’і. Сённяшняя гераіня — гэта таленавітая, добрая, натхняючая, пяшчотная, сціплая і адважная дзяўчына — Аксана Ючкавіч.
Дзяўчына прыйшла ў нашу парафію свядома і, дзякуючы яе адкрытаму сэрцу, у нас з’явілася і актыўна развіваецца адгалінаванне скаўтынгу для малодшых хлопцаў «Ваўчаняты». Але аб усім па парадку...
Аксана нарадзілася ў вёсцы Парафіянава ў каталіцкай сям’і, мама працавала настаўніцай малявання, а тата аўтамеханікам. Вельмі шмат часу маленькая дзяўчынка праводзіла са сваёй бабуляй і прабабуляй з боку бацькі, якія і перадалі ёй моцную і глыбокую веру ў Пана Бога. Кожная раніца яе дзяцінства пачыналася са спеваў бабулі, пакуль дзеці яшчэ спалі, яна распальвала печ і спявала Гадзінкі да Найсвяцейшай Панны Марыі. Як кажа Аксана: «А чаму яна так рабіла, таму што так рабіў яе дзядуля, калі выходзіў раніцай у поле араць, ці выводзіў статак, — і дадае, — Для мяне гэта вельмі моцна». У сям’і з пакалення ў пакаленне перадаецца сямейны брэвіярый, па якому малілася яшчэ адна з прабабуль дзяўчыны, манахіня Трэцяга закону Францішканаў.
Значная частка дзяцінства Аксаны прайшла ў горадзе Глыбокае. Маленькая Аксана вельмі любіла хадзіць у глыбоцкі касцёл, захапляючыся яго прыгажосцю, букетамі кветак, промнямі сонца, што падалі праз каляровае шкло на падлогу і сцены святыні. А калі дзяўчынцы споўнілася 10 гадоў, сям’я вярнулася ў Парафіянава. У тамтэйшым касцёле працягнулася паглыбленне і сталенне яе веры. «Як гэта не дзіўна, але Радзіму любіць навучылася таксама ў Касцёле», — кажа яна. Дзяўчына вельмі ўдзячная Пану Богу за людзей веры, якіх Пан прывёў на яе жыццёвы шлях і якія сталі прыкладам сапраўднай веры і любові да Бога.
У першыню ў нашу парафію Аксана трапіла ў 2016 годзе. У той час яна працавала журналістам Catholic.by. Віталь Палінеўскі, з якім яна працавала разам, прапанаваў ёй зрабіць рэпартаж пра Велікодны кірмаш ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна М. Кольбэ. Аксана апавядае: «Я памятаю, як я была ў парафіі і на колькі мне спадабалася. Тут было так цёпла ад людзей, якія былі побач. Я думала: Божа, вось тут жыццё, тут вера, тут сем’і, тут такое адзінства, любоў!» Яна дзякавала Богу, што атрымала гэтую прапанову ад Віталія, і падумала: «А, можа, як-небудзь далучыцца да гэтай парафіі…» На той момант гэта была толькі думка.
А праз некаторы час з Аксанай звязваецца нацыянальны камісар скаўтаў Беларусі Павел Бельскі з прапановай пабыць «Акелай» для ваўчанят нашай парафіі, пакуль не знойдзецца хлопец (на той час яна ўжо мела досвед такой працы, бо калісьці займалася з ваўчанятамі ў горадзе Барысаве разам з Паўлам). І яна згаджаецца, нягледзячы на тое, што ў той час яшчэ жыла ў мікрараёне Малінаўка. Такім чынам і паўстала ў нашай парафіі адгалінаванне скаўтынгу для малодшых хлопцаў «Ваўчаняты». А праз некаторы час Аксана пераязджае з Малінаўкі на вуліцу Нёманскую. «Вось так я пачала хадзіць у нашу парафію», — кажа яна.
«Я ішла і думала, Божа, рабі, што Ты хочаш рабіць праз мяне з гэтымі маленькімі сэрцамі, — успамінае Аксана. — Старалася ў гэтым служэнні іх бачыць, іх чуць. Для мяне вельмі важна адчуць патрэбы іншых сэрцаў. Я лічу, што ў гэтым ёсць Божае натхненне, Ён нас пасылае да іншых людзей, каб мы спаўнялі патрэбы іншых сэрцаў, а сваё сэрца гэтым напоўніцца».
Аксана лічыць, што скаўтынг і яго адгалінаванні вельмі патрэбныя сучасным дзецям і моладзі. Праз жыццё «замусоленае» празмерным спажывецтвам, пластыкавымі цацкамі і неабмежаваным карыстаннем сучаснымі тэхналогіямі, вельмі цяжка дабрацца да вытокаў, да нечага вельмі важнага, да веры, да прыроды, да чысціні, да радасці з таго, што жывеш. «Праз прыродную чысціню ты прыходзіш да нейкай такой духоўная чысціні, пачынаеш разумець, і веру, і мастацтва, і навуку, —разважае яна. — Вось нараджаецца дзіця і яно, кожнае дзіця, можа штосьці ў гэты свет новае прынесці, але яно не прынясе праз гэту груду лішняга спажывецтва. Яму трэба паказаць з чаго пачаць». На думку нашай гераіні скаўтынг развівае ў дзецях: шчыры патрыятызм, здаровы спартыўны дух, здаровае духоўнае жыццё, інтэлектуальнае развіццё, а таксама вучыць супрацоўнічаць з іншымі. «Праз маленькія крокі расце здаровае, духоўна моцнае дзіця, якое потым здольнае ўзяць адказасць за сваю сям’ю, сваю краіну. Яно ведае, як гэта рабіць і не баіцца».
Гэтыя тры гады працы з ваўчанятамі шмат чаго далі і самой «Акеле»: «паказалі праўду пра сябе, над чым трэба папрацаваць, у чым яшчэ слабая», пазнамілі з «цэлым войскам цудоўных бацькоў», навучылі ўсе справы і намаганні давяраць Богу. «Ты можаш цалкам падрыхтаваць праграму, але не цалкам яе даверыць Богу і дзецям гэта не адгукнецца, а калі даверышся і робіш з усіх сілаў, тады і адгукнецца», — кажа яна.
«У мяне ёсць такі прынцып, што я ніколі не буду казаць першая пра Хрыста, калі толькі запытаюць. Гэта значыць трэба так жыць, каб у цябе спыталі, каб нехта зірнуў і ў яго нарадзілася нешта ў сэрцы і ён прыйшоў да цябе с пытаннем», — гаворыць Аксана. І яшчэ просіць абавязкова адзначыць: «Я вельмі люблю парафію і гэтых людзей. Я думала, што гэта Бог даў мне гэту справу. А насамрэч, я зразумела, што Ён паклікаў мяне сюды, каб праз гэтых людзей гаварыць да мяне, што я Яго любімая дачка. Вось гэта я вельмі моцна адчуваю тут, у парафіі. Я думала, я тут патрэбна, а аказваецца, што вось гэта Вы мне патрэбны».
Трэба яшчэ дадаць, што Аксана педагог, журналіст, рэдактар, выхавальнік, мастак і пісьменніца. І, дарэчы, некалькі дзён таму вышла з друку кніжка вершаў для дзяцей «Святы Мікалай, да нас завітай!», у якой надрукаваны і яе прыгожыя, добрыя і светлыя творы.