Чарговая прыгода нашых скаўтаў і скаўтак пачалася ноччу з 14 на 15 лістапада. Удзельнікаў выезда было няшмат, бо мерапрыемства планавалася толькі для шэфаў адзінак. Наперадзе чакаў доўгі шлях, Вроцлаў, дзе павінна было прайсці Міжнароднае кап’ё кап’явых, — гэта той яшчэ «блізкі свет».

Амаль што ўвесь шлях ад Mінска да Вроцлава мелася пераадолець на цягніку, што заняло аж сямнаццаць гадзін. Але нашых скаўтаў і скаўтак гэта зусім не пужала, бо, негледзячы на ўсе складанасці, ехаць было весела. Калі цягнік ужо пад’язджаў да Вроцлава, моладзь нават пачала спяваць прама ў вагоне.

І вось доўгачаканы Вроцлаў. На чыгуначным вакзале гасцей сустрэлі сем’і мясцовых скаўтаў, у якіх прыбыўшыя і затрымліваліся на ноч перад пачаткам мерапрыемстваў. Палякі прынялі вельмі радушна, кап’явыя змаглі добра адпачыць пасля цяжкай дарогі і на наступны дзень поўныя сілаў удзельнічаць у сустрэчы.

На выезд прыехалі скаўткі і скаўты з усёй Еўропы: тут былі і французы, і італьянцы з італьянкамі, іспанкі, чэхі, літоўцы, бельгійкі, украінцы і многія іншыя. Было вельмі цікава бачыць, якія ўсе розныя: кожны размаўляў на сваёй мове, меў нейкія асаблівасці ў форме. Напрыклад, марскія скаўты з Італіі насілі кашулі нетыповага цёмна-сіняга колеру і дзіўныя фуражкі, бельгійкі мелі шыракаполыя шляпы замест берэтаў, у кагосьці былі нейкія незнаёмыя адзнакі на форме. Аднак калі ўсе гэтыя, на першы погляд, зусім розныя людзі з розных мясцін пачалі знаёміцца між сабой, адразу стала зразумела, што паміж імі сапраўды шмат агульнага, а ўсе гэтыя асаблівасці наадварот толькі мацней упэўніваюць ў тым, што ўсе скаўты — гэта вялікая сям’я.

Напачатку праграмы была запланавана супольная Эўхарыстыя. На шляху да касцёла ўдзельнікі гучна спявалі разам, так, што нават людзі на вуліцы і ў транспарце зацікаўлена азіраліся: што тут адбываецца? Падчас Святой Імшы ўжываліся лацінская і англійская мовы, таму ўсе маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у Літургіі.

Пасля шыхтавання з удзелам намесніцы федыральнага камісара — Мілісэнты, адбыўся адзін з найцікавейшых пунктаў праграмы: Вялікая Скаўцкая Гульня па Вроцлаву, галоўнай мэтай якой было яшчэ больш аб’яднаць удзельнікаў і, канешне, добра аглядзець гэты цудоўны горад. У кожнай адзінкі быў іншаземны партнёр, так званы твін. У нашых хлопцаў твінамі былі скаўты з Літвы, а ў дзяўчат — скаўткі з Бельгіі. З імі выконваліся ўсе заданні.

Гульня была вельмі цікавая: каб выканаць заданні давялося пабегаць па ўсім цэнтры Вроцлава, даведацца пра звесткі з яго гісторыі, напісаць вершык разам з твінамі, падняцца на самы верх вежы касцёла святой Альжбеты, адкуль з вышыні 87 метраў увесь горад быў як на далоні! Негледзячы на тое, што галоўнага скарбу падчас гульні ніхто з нашых скаўтак і скаўтаў не здабыў, усё было проста цудоўна, і ў школу, якая прымала удзельнікаў, усе вярталіся задаволеныя і трошкі стомленыя пасля такой прыгоды.

Пасля вячэры было вогнішча, падчас якога кожная адзінка павінна была паказаць сцэнку пра стэрэатыпы краін, з якіх паходзілі іх твіны. Кожны змог паглядзець на свой край вачыма суседзяў. Таксама удзельнікі знаёміліся з культурай іншых краін праз спяванне на розных мовах. Завяршыўся першы дзень супольнай малітвай.

Другі дзень распачаўся Літургіяй, у якой скаўты далучыліся да тамтэйшых парафіянаў. Пасля сняданку зноў былі гульні, якія яшчэ больш узмацнілі скаўцкі дух усіх удзельнікаў кап’я кап’явых.

Завяршалася праграма шыхтаваннем, падчас якога арганізатары прыносілі падзякі ўсім адзінкам, якія прысутнічалі, і ўручалі стужкі пераможцам гульняў. У канцы шыхтавання ўсе разам падкідвалі свае скаўцкія берэты, гэта выглядала вельмі ўрачыста. Потым ўсе цёпла развітваліся адзін з адным, рабілі супольныя фотаздымкі і выказвалі надзею на новыя сустрэчы. Трошкі сумна было раз’яджацца, але кожны з прысутных быў моцна прасякнуты скаўцкім духам, і меў прывезці гэты запал і радасць ў сваю краіну, каб падзяліцца імі са сваімі адзінкамі.

  

Для нашых кап’явых гэта таксама стала сапраўды карысным і важным вопытам. Негледзячы на тое, што выезд быў нядоўгім, ён быў вельмі багатым на ўражанні:

— Калі мы ехалі на выезд мы не мелі ніякіх уяўленняў аб тым, якая будзе праграма. Мае чаканні не супалі з рэальнасцю, але мабыць гэта да лепшага. Выезд атрымаўся вельмі насычаным і цікавым, — кажа Марцін Палінеўскі. — Горад вельмі прыгожы. Хоць я і не фатограф, я зрабіў шмат прыгожых здымкаў. На выездзе былі скаўты з усёй Еўропы, але ўсе размаўлялі па-ангельску, таму незразумеласцей у плане мовы не было, акрамя, канешне, скаўцкай тэрміналогіі. Мы былі ў адной камандзе з літоўцамі, вельмі класныя хлопцы, зносіны з імі былі простымі і цікавымі. Адным словам выезд быў выдатным, і ў мяне засталіся найлепшыя ўражанні.

— Гэты выезд я запомню надоўга. Я і сёння застаюся ў вельмі захопленым стане, бо яшчэ ніколі не бачыла такога пад'ёму скаўцкага духа, як за гэтыя два дні, — распавядае Алёна Пашкевіч. — Калі ўзгадваю, як мы ехалі ў трамваі і ўсе разам спявалі, становіцца так цёпла на сэрцы. Мне вельмі спадабалася адкрытасць усіх скаўтаў і скаўтак, бо гэта насамрэч нявельмі проста — размаўляць на замежнай мове з людзьмі з іншых краін, але прызвычаіваешся, калі галоўнай мовай становіцца смех. Увогуле месца з'езда мне спадабалася больш за ўсё: Вроцлаў вельмі прыгожы горад, і не менш цікавая была гульня па ім. Спадзяюся, што далей скаўцкай сцежкай мы будзем адкрываць для сябе новых людзей і набываць новыя ўменні.

Тэкст: Марыя Бачыла
Фота: Агата Лялевіч