11 жніўня мы, часткай моладзі з ДМХ «Адзіныя сэрцам» з ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr паехалі ў Польшчу, каб разам актыўна адпачыць у гарах Татрах, а праз 11 дзён мы вярнуліся крыху іншымі, быццам «пабывалі на гары Табор». Гэта быў цудоўны час на перамену жыцця.

Перамены прыйшлі да нас праз горы, а таксама праз наведванне месцаў, цесна звязаных са святым Янам Паўлам II. 

У польскіх Татрах мы разам пакарылі некалькі вяршыняў, у тым ліку Гевонт, Касцелец, Свініцу і самую высокую — Рысы (2499 м). Узышлі і на славацкую вяршыню Рысаў (2503 м). Падчас фізічных выпрабаванняў адкрываліся праўды духоўнага жыцця: каштоўнасць вытрымкі, падтрымкі,  ахвяры для бліжняга, пераадолення самога сябе, перамогі разам. Радасць сэрца была поўнай, калі мы былі ўсе разам. 

«Напэўна горы — гэта самае лепшае і прыгожае, што я бачыла ў жыцці, з кожным крокам яны захапляюць цябе больш і больш. І калі я так захапляюся вялікімі камянямі, то як жа моцна Бог захапляецца чалавекам?» — дзеліцца ўражаннямі Паліна Маісеева.

Кожная складанасць штурхала нас да ўзаемнай падтрымкі, дапамогі, клопату, адкрыцця сэрца на патрэбу бліжняга. Кожная ўсмешка і жарт падымаў дух усёй групе. Але празмерна складана не было, бо кожны дзень у нас быў сумесны духоўны пасілак — Эўхарыстыя, падчас якой Езус прыходзіў у нашыя сэрцы і яднаў нас. Звычайна Святая Імша была ў касцёле, але некалькі разоў ксёндз Уладзімір цэлебраваў яе для нас прама ў гарах. І вельмі нас ўзрушыла тое, што на адну такую Імшу да нас далучылася сужэнства, якое падымалася на Рысы. Дзякуючы Эўхарыстыі ў нас былі сілы на ўсе вяршыні: духоўныя і фізічныя. І калі мы аказваліся на вяршынях, адчувалася такая свабода, што здавалася можна прыгнуць, і ты паляціш. З кожным крокам, праз кожныя 10 метраў нам адкрываліся новыя краявіды. Глядзіш на ўсё і думаеш: калі стварэнне настолькі прыгожае, якім жа павінен быць Створца?

Важнай часткай адпачынку быў час, калі мы індывідуальна заглыбляліся над фрагментамі са Святога Пісання, а пазней дзяліліся тым, што адкрылі ў сэрцы. Здавалася, што падчас дзялення было адно сэрца на ўсіх. І плён быў бачны адразу. Тое, што адкрываў іншы чалавек яшчэ больш дапаўняла цябе або адкрывала новыя духоўныя гарызонты. 

Паліна Ручан так успамінае першы дзень вандроўкі: «Мы з раніцы пайшлі знаёміцца з жыхаром паднябеснай — з самім панам Гевонтам. Там, на схіле гары, мы маліліся ютрань паводле тэкста са свята Спаслання Духа Святога, але ў сэрцы насамрэч панавала свята. Зусім па-іншаму гучалі словы песні Benedicite, omnia opera Domini, Domino. Таму што сваімі вачыма бачыш працу Госпада. На працягу ўсяго дня лілася песня хвалы нашаму Пану! Здабыўшы Гевант, мы крыху адпачылі і неўзабаве распачалі скрутацыю. Не ведаю колькі часу, але ўсе мы трывалі ў разважанні пра Божы Провід. Усё спрыяла таму, каб слухаць Бога ў сваім сэрцы. Са сваіх нататкаў мне вельмі падабаліся словы: “Езус, я Твой, і шчасце маё ў Табе”. Зараз ужо не ведаю, хто з нас аўтар гэтых слоў, але ў той дзень на дзяленні разважаннямі я зразумела на колькі розныя ўва ўсіх думкі, але ў кожнага яны былі вельмі глыбокія. Гэта быў наш першы духоўны пасілак, але наперадзе яшчэ была Імша, якую мы ўсе ўжо вельмі чакалі».

Цікава, што Ян Павел II вельмі любіў горы. Мы пабывалі на некаторых яго сцежках у Татрах. Увогуле нашыя вандроўкі можна назваць «шляхамі Яна Паўла II». Мы наведалі дом у Вадавіцах, дзе ён нарадзіўся, і касцёл, дзе быў ахрышчаны. Памаліліся перад іконай Маці Божай у Кальварыі Зэбжыдоўскай, дзе малы Караль пасля смерці маці пачуў ад таты: «Цяпер Яна будзе тваёй мамай». Завіталі ў Санктуарый Божай Міласэрнасці, які святы Ян Павел II кансэкраваў у Кракаве, а таксама ў санктуарый, які быў пабудаваны і прысвечаны менавіта яму пасля смерці. Даведаліся цікавых і простых рэчаў з яго жыцця. Быццам пазнаёміліся з жывым чалавекам, які быў увесь час з намі. Гэта паглыбіла сяброўства з нашым святым заступнікам.

«Паездка ў горы — гэта нешта надзвычайнае. Я адчувала Божае благаслаўленне на гэты выезд і не толькі для мяне, але для ўсіх нас, — успамінае Паліна Івашкевіч, — Было разуменне таго, што гэта павінна была быць менавіта тая група людзей, якая была. Мы былі нібы “выбраныя” на гэта падарожжа. Для мяне гэта быў больш чым адпачынак. Ва ўсім я бачыла Бога і тое, што Ён мяне перамяняе. Так, гэта было прыгожае перамяненне! Для мяне было важна тое, што мы будзем 24/7 разам! Гэта быў цікавы досвед таго, як можна кантактаваць з бліжнім, выходзіць з непаразумення, канфлікта, перажываць фізічны боль разам з бліжнім і шмат іншага. У нас быў прыклад Яна Паўла ll, да якога мы стараліся наблізіцца! Гледзячы на святога, мы стараліся наследаваць яго цноты. Гэта было неверагодна!»

Дзе б мы ні былі разам, было так добра нам там быць,  што хацелася ўсюды паставіць па тры шатры (Мц 17,4). Усё падарожжа даўжынёй у 11 дзён мы перамяняліся, таму можна сказаць, што гэта была «наша адна вялікая гара Табор».  І напрыканцы хочацца сказаць: Unum cor et anima una (адно сэрца і адна душа) Дз 4:32.

Паліна Ручан свае вандроўныя нататкі завяршае словамі: «Я яшчэ абавязкова ў гарах пабываю, не адзін раз. Я вярнуся туды, ведаю гэта на сто адсоткаў».

Ганна Кабышава, Паліна Ташцімірава, ДМХ «Адзіныя сэрцам»

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.