З 10 па 20 ліпеня непадалёк ад Івянца адбыўся першы самастойны летнік каталіцкіх скаўтаў 1-га Мінскага звяза Св. Яна Паўла ІІ. Гэта быў час прыгод, выпрабавання, фармавання характару і радасці.

Скаўтынг ставіць перад сабою 5 мэтаў: здароўе, характар, служэнне іншым, практычныя уменні і Бог. Кожная гэта мэта дасягалася рознымі шляхамі.

Здароўе

Жыццё на свежым паветры ў намётах ці гамаках узмацняе здароўе і імунітэт. Кожны дзень на летніку пачынаўся з руханкі: хлопцы разміналі мышцы, бегалі, адціскаліся. Праводзіліся шматлікія спартыўныя спаборніцтвы як Вялікая Скаўцая Гульня, Спартакіада.

Характар

Летнік трываў трохі больш чым 10 дзён, з якіх толькі 3 дні не было дажджу. Пры гэтым заданні зрабіць гамак, прыгатаваць ежу на вогнішчы, напілаваць і парубіць дровы ніхто не адмяняе. У не зусім камфортных умовах хлопцы дасягалі сваіх мэтаў нягледзячы на надвор’е, тым самым фарміравалі характар.

Служэнне іншым

Два дні хлопцы правялі ў “экспла”. Падчас экспла трэба было дазнацца гісторыю, замаляваць выбітнасці навакольных весак, а таксама дапамагчы манахам францішканам пры касцёле Міхаіла Арханёла ў Івянцы. Хлопцы палолі, пыласосілі, мылі вокны, прыбіралі, рабілі што было патрэбна ў той час.

Практычныя ўменні

Падчас летніку хлопцы не толькі гатавалі сабе ежу самі, але яшчэ змагаліся ў кулінарным конкурсе. Суп “Харчо”, “Аліўе”, “Гуляш па-венгерску”, “Бульбяныя шарыкі” – такія блюды яны гатавалі на вогнішчы, здзіўляючы саміх сябе і сваіх шэфаў. Што яшчэ было патрэбна рабіць самім, спытаеце вы? Рабіць гамакі і сталы не ўжываючы цвікоў, прышываць і штопаць сваю адзежу. Кажучы агулам – цалкам адказваць за свой быт.

Бог

Духоўны падмурак якім жывуць скаўты – гэта вера у нашага збаўцу Езуса Хрыста. Таму штодзённая Святая Імша, ранішняя і вячэрняя малітвы, разважанні над Святым Пісаннем з’яўляюцца неад’емнымі спадарожнікамі летнікаў у скаўтаў.

          

Тэкст: Павел Бельскі, звязовы

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.